01 – 02 – 03 – 04
Разьдзел 3
1 Ведай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы.
2 Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі,
3 нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра,
4 здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога,
5 маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся.
6 Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй,
7 што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8 Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсею, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, невукі ў веры
9 Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі.
10 А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры, любві, цярплівасьці,
11 у перасьледаваньнях, муках, што здарыліся мне ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне Госпад.
12 Дый усе, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.
13 Людзі-ж нягодныя і чарадзеі пасьпявацімуць у зьле, баламуцячы і баламучаныя.
14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
15 дый ты з дзяцінства ведаеш сьвятое пісаньне, што зрабіць цябе можа мудрым на збаўленьне вераю, што ў Хрысьце Ісусе.
15 Усенькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўленьня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці,
17 каб дасканалым быў чалавек Божы, на ўсякае добрае дзела гатовым.
|