01 – 02 – 03
Разьдзел 3
1 Дык малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
2 ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзей крывадушных; бо не у ўсіх вера.
3 Верны-ж Госпад, які ўмацуе вас і захавае ад крывадушніка.
4 Мы пэўныя адносна да вас у Госпадзе, што вы выпаўняеце і будзеце выпаўняць тое, што мы вам загадваем.
5 А Госпад няхай пакіруе сэрцы вашыя на любоў Божую і цярплівасьць Хрыстову.
6 Загадываем жа вам, браты, іменьнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, што ходзе ня ў лад і не па пераказу, які прыняў ад нас,
7 бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не рабілі ў вас нягожага,
8 дый ні ў кога ня елі хлеба дарма, але ў працы і ўтоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжыць каго з вас, —
9 не затым, што мы ня мелі ўлады, але каб сябе самых даць вам за прыклад дзеля насьлядаваньня нам.
10 Бо, калі мы былі ў вас, дык загадалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.
11 Але чуем, што некаторыя ў вас нягожа паступаюць, нічога ня робяць, але матаюцца;
12 гэтакім загадываем і молім (іх) Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.
13 Вы-ж, браты, не ўпадайце на духу, калі робіце дабро.
14 Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго адзначце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;
15 але ня лічэце яго за ворага, а навучайце, як брата.
16 Сам жа Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
17 Прывітаньне маею рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. Другое да Фесалонікійцаў пісана з Афін. |