01 – 02 – 03 – 04 – 05
Разьдзел 2
1 Вы самі ведаеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны;
2 але, памучыўшыся перш, зьняважаныя, як вы ведаеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой.
3 Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні,
4 але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даверана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае сэрцы нашыя
5 Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ведаеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьведка!
6 Ня шукаем мы славы ані ад людзей, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы.
7 Але былі мы ціхія сярод вас; як карміцелька грэе дзетак сваіх,
8 гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.
9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзень, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.
10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, веруючымі;
11 бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
12 пацяшалі вас і пераконывалі і сьведчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
13 Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзеець у вас, веруючых.
14 Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы таксама цярпелі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў,
15 якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя,
16 якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх наканец гнеў.
17 Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгледзіць аблічча вашае,
18 Дзеля гэтага хацелі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан.
19 Бо якая наша надзея, ці радасьць, ці вянец пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
20 Бо вы — слава нашая і радасьць.
|