Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы

010203040506

 

Разьдзел 4

1 Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас паступаць дастойна закліку, якім вы пакліканы,

2 з усенькай мудрасьцяй пакоры і ціхасьцяй, з доўгацярплівасьцяй, церпячы адзін аднаго ў любві,

3 стараючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе міру.

4 Адно цела і адзін дух, як вы і пакліканы да аднае надзеі -вашага закліканьня:

5 Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,

6 Адзін Бог і Ацец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх нас.

7 Кожнаму-ж з нас дадзена ласка водле меры дару Хрыстовага.

8 Дзеля гэтага і кажа: Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям (Псал. 67, 19).

9 (А “узыйшоўшы” што ёсьць, як ня тое, што ён перш і зыходзіў у прадонныя месцы зямлі?

10 Зыйшоўшы, Ён ёсьць І той, што ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё.)

11 I Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і вучыцялямі

12 дзеля збудаваньня сьвятых, на дзела служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага,

13 дакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзрашчэньня поўні Хрыстовае;

14 каб мы ня былі балей дзяцьмі, зыбаючыміся і захаплянымі ўсякім ветрам навукі, у хітрыках чалавечых, у подступе дзеля хітрага збаламучаньня,

15 але праўдзіваю любоўю ўсё памнажалі бы ў Таго, Які ёсьць Галава, Хрыстос,

16 з якога ўсё цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі змацаваньня, праз дзейнасьць у (сваю) меру кожнага члена, прырост робіць дзеля будаваньня самога сябе ў любві.

17 Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы балей не хадзілі, як другія пагане ходзяць, у марнасьці розуму свайго,

18 з зацьміўшыміся думкамі, адцураўшыся ад жыцьця Божага праз няведаньне іх, праз закамяненьне сэрца іх;

19 яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.

20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,

21 калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —

22 каб адкінуць вам — па ранейшаму жыцьцю — старога чалавека, які тлее ў манлівых пажаданьнях,

23 а абнавіцца духам розуму вашага

24 і апрануцца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасьці і сьвятасьці праўды.

25 Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму.

26 Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не зайдзе ў гневе вашым;

27 і не давайце месца д’яблу.

28 Хто краў, далей не крадзі, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго аддзяліць таму, хто мае патрэбу.

29 Жаднае гнілое слова няхай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць.

30 I ня смуціце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаны на дзень адкупленьня.

31 Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і лаянка няхай будуць аддалены ад вас — разам з усім благім;

32 будзьце-ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, выбачаючымі адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце выбачыў вам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст