01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06
Разьдзел 2
1 I вас, мёртвых праступкамі і грахамі вашымі,
2 у якіх вы калісь хадзілі па веку ґэтага сьвету, па волі князя ўлады паветранае, духа, што дзеець цяпер у сынох праціўленьня,
3 між якімі і мы ўсе жылі калісь у пажаданьнях цела нашага, выпаўняючы жаданьні цела і думак, і былі па прыродзе дзяцьмі гневу, як і другія, —
4 Бог, багаты літасьцяй праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас,
5 і нас, мёртвых праступкамі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай вы выбаўлены, —
6 і ўскрасіў з Ім і пасадзіў на мясцох нябесных у Хрысьце Ісусе,
7 каб зьявіць у надыходзячых гадох многасьць багацьця ласкі Сваей у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе.
8 Бо ласкай вы выбаўлены праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар:
9 не ад дзел, каб ніхто не хваліўся.
10 Бо мы — Яго стварэньне, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя празначыў, каб мы ў іх хадзілі.
11 Дык памятайце, што вы, калісь пагане целам, называныя неабрэзаньнем ад такзванага абрэзаньня ў целе, рукатворнага,
12 што вы былі ў час гэны бяз Хрыста, прызнаваныя чужакамі ад грамадзянства Ізраільскага і чужыя запаветам прырачэньня, ня маючы надзеі і бяз Бога ў сьвеце;
13 а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі калісь далёка, сталіся блізкімі крывёю Хрыстоваю.
14 Бо Ён ёсьць мір наш, што ўчыніў з абодвух адно і разбурыў стаяўшую пасярэдзіне загарадку,
15 зьніштожыўшы варожасьць Целам Сваім, а закон запаведзяў навукай, каб з двох стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, ладзячы мір,
16 і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць;
17 і, прыйшоўшы, абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім,
18 бо праз Яго абое маем доступ да Айца ў адным Духу.
19 Дык вы ўжо ня чужыя і ня прыходні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога,
20 збудаваныя на падваліне Апосталаў і Прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень,
21 на якім уся будыніна, разам змацаваная, расьце ў сьвяты храм у Госпадзе,
22 на якім і вы разам будуецеся на жыльлё Божае Духам.
|