01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 15
1 Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я абвяшчаў вам, ды якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
2 якім і збаўляецеся, калі ўдзержыце, якім словам я абвяшчаў яго вам, калі толькі не надарма паверылі.
3 Бо я сьпярша пераказаў вам, што і сам прыняў, што Хрыстос памер за грахі нашыя паводле Пісаньня,
4 і што Ён быў пахаваны і ўскрос на трэці дзень, паводле Пісаньня,
5 і што зьявіўся Кіфе, пасьля-ж дванаццацём;
6 пасьля зьвявіўся балей чым пяцістам братом зараз, з якіх большая частка й дагэтуль жывуць, некаторыя-ж паўміралі;
7 пасьля зьявіўся Якубу, дый усім Апосталам;
8 а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, быццам адкіненаму.
9 Бо я найменшы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую,
10 але з ласкі Бога ёсьць тым, чым есьць, і ласка Яго, што ўва мне, ня была дарэмнай, але я балей за іх усіх папрацаваў; дый ня я, але ласка Божая, што са мною.
11 Дык ці я, ці яны, мы гэтак навучаем, а вы гэтак паверылі.
12 Калі-ж аб Хрысьце апавядаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых?
13 Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;
14 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык і навука наша дарэмная, дарэмная і вера вашая.
15 Да таго мы аказаліся-б і ілжывымі сьведкамі Божымі, бо сьведчылі аб Богу, што Ён ускрасіў Хрыста, Якога не ўскрашаў, калі памершыя не ўскрасаюць.
16 Калі-ж мёртвыя не ўскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;
17 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая пустая: вы йшчэ ў грахох вашых.
18 Дык і памершыя ў Хрысьце пагіблі.
19 А калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяемся на Хрыста, дык найбольш нешчасьлівыя з усіх людзей.
20 Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, першаком сярод памершых стаўся.
21 Бо, як сьмерць праз чалавека, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых.
22 Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць,
23 і кожны ў сваім парадку: пяршак Хрыстос, потым Хрыстовыя ў прыход Ягоны.
24 А тады канец, калі Ён аддасьць Царства Богу і Айцу, калі зьніштожыць усякае начальства і ўсякую ўладу і сілу,
25 бо Яму належыць цараваць, дакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.
26 Апошні вораг зьнішчыцца — сьмерць,
27 бо ўсё пакарыў пад ногі Яго; калі-ж сказана, што Яму ўсе пакорна, дык ясна, што апрача Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
28 Калі-ж усё пакарыць Яму, тады й Сам Сын пакарыццаПакарыўшаму Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.
29 Іначай што будуць рабіць Тыя, што хрысьцяцца дзеля мёртвых, калі мёртвыя зусім не ўскрасаюць? чаго хрысьціцца дзеля мёртвых?
30 Чаго і мы кожную гадзіну ў небясьпецы?
31 Я што-дня ўміраю: сцьвяржае гэта пахвала ваша, браты, якую маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
32 Калі-б я пачалавечаму бароўся з зьверамі ў Эфэсе, дык якая мне карысьць, калі мертвыя не ўскрасаюць? Дык будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!
33 Не ашуківайце сябе: благія сяброўствы псуюць добрыя абычаі.
34 Працьверазіцеся праведна і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ведаюць Бога, — кажу вам на сорам.
35 Але скажа хто-небудзь: як ускрэснуць мёртвыя? ды ў якім целе прыдуць?
36 Неразумныя! штб ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
37 і што сееш, сееш ня будучае цела, а голае зерне, пшанічнае, ці якое іншае, як надарыцца;
38 але Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму зярняці сваё цела.
39 Ня кожнае цела такое самае цела, але інакшае ў рыбаў, інакшае ў птушак.
40 I целы нябесныя, і целы зямныя: але інакшая слава нябесных, інакшая зямных;
41 інакшая слава сонца, інакшая слава месяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
42 Гэтак і ўскрасеньне мёртвых: сеецца на тленьне, устае ў нятленнасьці;
43 сеецца ў паніжэньні, устае ў славе; сеецца ў бяссільлі, устае ў сіле;
44 сеецца цела душэўнае, устае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае і есьць цела духоўнае.
45 Так і напісана: стаўся першы чалавек Адам душою жывою (Быт. 2, 7), а апошні Адам — дух жыцьцятворны.
46 Але не духоўнае раней, а душэўнае; духоўнае пасьля.
47 Першы чалавек з зямлі, зямны; другі чалавек— Госпад з неба.
48 Які зямны, гэтакія і зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя.
49 I як мы насілі абраз зямнога, будзем насіць і абраз нябеснага.
50 Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць цела і кроў унасьледаваць Царства Божае, дый тленнасьць не насьледуе нятленнасьці.
51 Вось кажу вам тайну: бо ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся —
52 зьнячэўку, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўскрэснуць нятленнымі, і мы пераменімся,
53 бо тленнаму гэтаму трэба апрануцца ў нятленнасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў несьмяротнасьць.
54 Калі-ж тленнае гэтае апранецца ў нятленнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: праглынена сьмерць перамогаю (Ісая 25, 8).
55 Сьмерць! гдзе тваё джала?Пекла! гдзе твая перамога? (Осія 13, 14)
56 Джала-ж сьмерці — грэх; а сіла грэху — закон.
57 Богу-ж падзяка, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
58 Гэтак, браты мае ўмілаваныя! будзьце цьвёрдыя, стойкія, у дзеле Гасподнім пасьпявайце заўсёды, ведаючы, што праца ваша не дарэмная перад Госпадам.
|