Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы

0102030405060708
0910111213141516

 

Разьдзел 2

1 Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы.

2 А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць.

3 Няўжо-ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж?

4 Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяньня?

5 Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суда ад Бога,

6 Які уздасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:

7 тым, што сталасьцяй у добрым дзеле шукаюць славы, чэсьці й нятленнасьці, — вечнае жыцьцё;

8 а тым, што ўпіраюцца і не пакараюцца праўдзе, але аддаюцца няпраўдзе, —ярасьць і гнеў.

9 Сум і уціск кожнай душы чалавека, каторы робіць благое, перш Юдэя, дый Грэка!

10 Слава-ж і чэсьць і мір усякаму, хто робіць дабро, перш Юдэю, дый Грэку!

11 Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.

12 Якія без закону саграшылі, без закону й загінуць, а тыя, якія ў законе саграшылі, законам засуджаны будуць

13 (бо ня тыя, што слухаюць закон, праведныя перад Богам, але тыя, што выпаўняюць, апраўданы будуць;

14 бо, калі пагане, ня маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, ня маючы закону, яны самі сабе закон:

15 яны паказваюць дзела закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сьведчыць сумленьне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдываючыя адна адну) —

16 у дзень, калі Бог судзіць будзе тайныя ўчынкі людзей, водле дабравешчаньня майго, праз Ісуса Хрыста.

17 Вось ты завешся Юдэем і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,

18 і ведаеш волю Яго, і разумееш лепшае, навучаючыся з закону,

19 і пэўны аб сабе, што ты павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры,

20 настаўнік няветных, вучыцель малалетніх, маючы ў законе прыклад веданьня і праўды:

21 як жа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога?

22 Навучаючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не займайся распустай, — сам распусны. Брыдзячыся ідаламі, сьвятое крадзеш?

23 Хвалішся законам, а пераступаньнем закону Бога зьнявяжаеш?

24 Бо праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў, як напісана (Ісая 52, 5; Езэк. 36, 20).

25 Абразаньне карысна, калі выпаўняеш закон; а калі ты праступнік закону, то абрэзаньне твае сталася неабрэзаньнем.

26 Дык, калі неабрэзаны выпаўняе пастановы закону, то ці не залічыцца яму яго неабрэзаньне за абрэзаньне?

27 I неабрэзаны па прыродзе, выпаўняючы закон, ці не асудзіць цябе, праступніка закону пры пісаньні і абрэзаньні?

28 Бо ня той Юдэй, хто (гэтакі) напаказ, і ня тое абрэзаньне, якое напаказ на целе;

29 але хто ўнутры Юдэй, і абрэзаньне ў сэрцы, па духу, а не па напісаньні; яму й пахвала не ад людзей, але ад Бога.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст