01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 10
1 Браты! жаданьне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраілю на збаўленьне.
2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, ды не па розуму.
3 Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і стараючыся паставіць уласную праведнасьць, яны не пакарыліся праведнасьці Божай;
4 бо канец закону — Хрытос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.
5 Майсей піша аб праведнасьці, што ад закону: выпаўніўшы яго, чалавек жыць ім будзе (Ляв. 18, 5).
6 А праведнасьць з веры гэтак кажа: не гавары ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе на неба? — гэта ёсьць Хрыста зьвясьці ўніз; (Другаз. 30, 12)
7 або: хто зыйдзе ў бяздоньне? — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых узьвясьці ўверх (Другазак. 30, 13).
8 Але што кажа Пісаньне? Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім,— гэта ёсьць слова веры, якое абвяшчаем (Другаз. 30, 14),
9 каб ты, як вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім верыць, што Бог ускрасіў яго з мёртвых, быў бы спасён,
10 бо сэрцам верыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаецца дзеля збаўленьня.
11 Бо Пісаньне кажа: Кожын, хто веруе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28, 16).
12 Тут няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён Госпад усіх, багаты для ўсіх, што клічуць Яго.
13 Бо кожын, хто пакліча імя Госпада, спасён будзе (Іяіль 2, 32).
14 Але як клікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? Як верыць у Таго, аб Кім ня чулі? Як чуць без абвяшчаючага?
15 I як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Водле напісанага: Як прыгожыя ногі абвяшчаючага мір, прапаведываючага добрае! (Ісая 52, 7)
16 Але ня ўсе паслухалі Эвангельля, бо Ісая кажа: Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас? (Ісая 53, 1).
17 Дык вера ад слуханьня, а слуханьне ад слова Божага.
18 Але кажу: ці-ж яны ня чулі? Наадварот: на ўсю зямлю разыйшоўся голас іх, і да межаў сусьвету словы іх (Псал. 18, 5).
19 Але кажу: ці-ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: я збуджу ў вас рупнасьць не праз народ, узлую вас праз народ бязглузды (Другазак. 32, 21).
20 А Ісая адважыўся ды кажа: Мяне знайшлі тыя, што ня шукалі, абявіўся Я тым, што ня пыталіся Мяне (Ісая 65, 1).
21 Да Ізраіля-ж кажа: увесь дзень працягваў я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпартага (Ісая 65, 2).
|