01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 9
1 Саўл жа, дышучы пагрозай ды забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоўшы да архірэя,
2 выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе каго таго-ж напрамку, мужчын ды жанчын, зьвязаўшы, вясьці ў Ерузалім.
3 Калі-ж ён ішоў, сталася, падыходзячы к Дамаску, зьнячэўку абняло яго сьвятло з неба;
4 і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьледуеш мяне?
5 Ён жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я Ісус, якога ты перасьледуеш. Цяжка Табе проці ражна ўпірацца.
6 Ён жа, дрыжучы ад жаху, сказаў: Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў? I Госпад да яго: Устань ды йдзі да места, і будзе табе сказана, што трэ’ табе рабіць.
7 Людзі-ж, што йшлі разам з ім, стаялі здумеўшыся: бо чулі голас, ды нікога ня бачылі.
8 Саўл устаў з зямлі. Калі-ж расчыніліся вочы ягоныя, ня бачыў нікога; дык, узяўшы за руку, завялі яго ў Дамаск.
9 I тры дні быў сьляпы, і ня еў ды ня піў.
10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань на ймя Ананія; і сказаў да яго Госпад у зьяве: Ананія! Ён жа сказаў: Вось я, Госпадзе!
11 I Госпад да яго: Устань ды йдзі на вуліцу, называную Простай, і пашукай у Юдавым доме Тарсяніна на ймя Саўл; бо вось ён моліцца
12 ды бачыў у зьяве мужа, на ймя Ананія, які ўвайшоў і ўзлажыў руку, каб ізноў відзеў.
13 Ананія-ж адказаў: Госпадзе, ад многіх чуў я аб чалавеку гэтым, колькі благога зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерузаліме;
14 дый тутака мае ўладу ад архірэяў вязаці ўсіх, хто імя Твае прызывае.
15 I прамовіў да яго Госпад: Ідзі, бо ён Мне выбраная судзіна, каб несьці імя Мае перад паганамі й царамі й сынамі Ізраілявымі:
16 бо Я яму пакажу, колькі мусіць выцярпець за імя Мае.
17 I пайшоў Ананія і ўвайшоў у гэны дом ды, ускладаючы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, паслаў мяне Госпад, Ісус, што паказаўся табе на дарозе, па якой ты йшоў, каб ты йзноў відзеў і Духам Сьвятым напоўніўся.
18 I ўраз-жа нібы луска з вачэй яму апала, і з тае часіны відзеў ізноў дый, устаўшы, ахрысьціўся
19 і, паеўшы, узмацаваўся. I быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,
20 і неўзабаве абвяшчаў у сынагогах Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
21 I ўсе, чуючы, дзіваваліся й казалі: Няўжо-ж гэта той самы, што загубіў у Ерузаліме прызываючых імя гэтае дый сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, вясьці да архірэяў?
22 А Саўл балей дужэў ды граміў Жыдоў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.
23 Калі-ж прайшло багата дзён, змовіліся Жыды забіці яго.
24 Але Саўлу сталася ведама змова іхняя. А яны пілнавалі варотаў днямі й начамі, каб яго забіць.
25 І вучні, узяўшы яго ўначы, спусьцілі праз мур у карзіне.
26 Саўл жа, зьявіўшыся ў Ерузаліме, стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён вучань.
27 Варнава-ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, ды што прамаўляў да яго, ды як ён у Дамаску адважна прапаведываў у імя Ісусавае.
28 I быў разам з імі ды выходзіў і прыходзіў у Ерузалім і адважна прапаведываў у імя Госпада Ісуса.
29 Гутарыў такжа й спрачаўся з Грэкамі; а тыя маніліся забіць яго.
30 Браты-ж, даведаўшыся, завялі яго ў Кесарыю ды паслалі яго ў Тарс.
31 Цэрквы-ж па ўсей Юдэі й Галілеі й Самарыі мелі супакой, будуючыся й ходзячы ў страху Гасподнім, ды праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.
32 Сталася-ж, Пётр, абходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
33 Знайшоў-жа там аднаго чалавека, на ймя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.
34 I сказаў яму Пётр: Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе. I ён ураз-жа ўстаў.
35 I бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе й Сароніі, і яны навярнуліся да Госпада.
36 У Іоппе-ж была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што ў перакладзе чытаецца Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў ды міласьцінаў, што рабіла.
37 Сталася-ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі й палажылі ў сьвятліцы.
38 А як Лідда недалека ад Іоппы, дык вучні, чуўшы, што тамака Пётр, паслалі двух людзей да яго з просьбай, каб неадкладаючы прыйшоў да іх.
39 I, устаўшы, Пётр прыйшоў да іх. I, як ён прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе ўдовы, плачучы й паказуючы вопраткі й адзежу, што паспраўляла Сарна, як была з імі.
40 Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укленчыў і маліўся. I, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта, устань! Яна-ж расчыніла вочы свае і, угледзіўшы Пятра, села.
41 I ён, даўшы ей руку, падняў яе; і, клікнуўшы сьвятых і ўдоў, паставіў яе перад імі жывую.
42 I сталася ведама па ўсей Іоніі, і многія ўверавалі ў Госпада.
43 Сталася-ж, што ён даволі дзён прабыў у нейкага Сымона, гарбара.
|