01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 8
1 I сталася ў той дзень вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме. Дык усе, апрача Апосталаў, расьцярушыліся па землях Юдэі й Самарыі.
2 А Сьцяпана пахавалі багабойныя людзі ды ўчынілі па ім галошаньне вялікае.
3 Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.
4 А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі і абвяшчалі слова.
5 Піліп жа, прыйшоўшы ў места Самарыйскае, абвяшчаў ім Хрыста.
6 I грамады народу аднадушна прыслухоўваліся да прамоваў Піліпавых, чуючы й бачучы знаменьні, якія рабіў.
7 Бо нячыстыя духі із многіх, што мелі іх, выходзілі, моцным голасам галосячы, ды многа спараліжаваных і храмых паздаравела.
8 I сталася радасьць вялікая ў месьце гэным.
9 Быў-жа перш у месьце тым адзін чалавек, на ймя Сымон, які чараваў ды задзіўляў народ Самарыйскі, удаючы некага вялікага.
10 I ўзіраліся на яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: Гэты ёсьць вялікая моц Божая.
11 А ўзіраліся на яго затым, што даволі часу чарамі іх задзіўляў.
12 Калі-ж паверылі Піліпу, які абвяшчаў ім Царства Божае ды ймя Ісуса Хрыста, мужчыны й жанчыны хрысьціліся.
13 Дый Сымон і той паверыў і, ахрысьціўшыся, быў пры Піліпе. Бачучы-ж знакі й цуды вялікія, што рабіліся, здумяваўся.
14 Апосталы-ж, што ў Ерузаліме былі, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі ім Пятра ды Іоана,
15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога,
16 (бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса).
17 Тады яны паўскладалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Сьвятога.
18 Сымон-жа, убачыўшы, што праз ускладаньне рук Апосталавых даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
19 кажучы: Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго палажу рукі, прыняў Духа Сьвятога.
20 Пётр жа сказаў да яго: Няхай серабро твае будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты маніўся за грошы здабыць.
21 Нямашака табе часьціны й долі ў слове гэтым, бо сэрца твае ня правае перад Богам.
22 Дык пакайся ў гэтай нягоднасьці тваёй ды малі Бога: мо думка сэрца твайго будзе табе даравана.
23 Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці ды ў путах няпраўды.
24 I Сымон, адказываючы, сказаў: Памаліцеся Госпаду за мяне вы, каб нішто на мяне не найшло з таго, аб чым вы казалі.
25 Яны-ж, пасьведчыўшы й расказаўшы слова Гасподняе, вярнуліся ў Ерузалім ды шмат дзе ў вёсках Самарыйскіх абвяшчалі Эвангельле.
26 I Ангел Гасподні прамовіў да Піліпа, гаворачы: Устань ды йдзі напаўдзён па дарозе, што йдзе з Ерузаліму ў Газу; яна пустая.
27 I, устаўшы, пайшоў. I вось муж Эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопаў, што быў над усімі скарбамі яе ды езьдзіў у Ерузалім пакланіцца,
28 варочаўся назад і, седзячы на возе сваім, чытаў прарока Ісаю.
29 I сказаў Дух Піліпу: Падыйдзі й прыстань да возу гэтага.
30 Прыбегшы-ж, Піліп пачуў, што той чытае Ісаю, дый сказаў: Ці разумееш тое, што чытаеш?
31 Той-жа сказаў: Як здолею, калі хто не давядзе мне? Дый папрасіў Піліпа ўзьлезьці й сесьці з ім.
32 Месца-ж Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: Як авечку на ўбой, вялі Яго; і як ягня ёсьць безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак і Ягоныя вусны не расчыняцца.
33 У паніжэньні Яго суд Ягоны ўзяты. Род-жа Ягоны хто вывядзе? Бо жыцьцё Ягонае ўзята будзе ад зямлі (Ісая, 53, 7-8).
34 I, адказваючы, сказаў еўнух Піліпу: Прашу цябе: аб кім прарок гавора гэтае? Аб самым сабе, ці аб кім іншым?
35 Піліп-жа, расчыніўшы вусны свае ды пачаўшы ад пісаньня гэнага, абвяшчаў яму Ісуса.
36 Едучы-ж па дарозе, прыйшлі к вадзе; і сказаў еўнух: Вось вада; што-ж перашкаджае мне ахрысьціцца?
37 I сказаў Піліп: Калі веруеш з усяго сэрца, дык можна. I, адказываючы, сказаў: верую, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы.
38 I загадаў затрымаць воз. I зыйшлі абодва ў ваду, Піліп з еўнухам, і ахрысьціў яго.
39 Калі-ж выйшлі із вады, Дух Гасподні схапіў Піліпа, і еўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу усьцешаны.
40 Піліп-жа апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, абвяшчаў Эвангельле па ўсіх гарадох, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
|