01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 6
1 У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня рупяцца аб удовах іхніх.
2 Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
3 Вось-жа, браты, нагледзьце спасярод вас сем дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
4 а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
5 I спадабалася слова гэтае ўсенькай грамадзе. I выбралі Сьцяпана, мужа поўнага веры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Пармена, і Мікалая Антыахійца, нованаверненага,
6 ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
7 І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме вельмі множылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скарылася перад верай.
8 Сьцяпан-жа, поўны веры й сілы, рабіў цуды й знаменьні вялікія ў народзе.
9 I паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
10 ды ня здолелі ўстаяці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
11 Тады падбілі людзей, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсея і Бога.
12 I падбурылі народ і старшызну ды кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
13 і паставілі фальшывых сьведкаў, якія казалі: Гэты чалавек ня кідае гаварыць ганебныя рэчы супраць гэтага сьвятога месца й супраць закону,
14 бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсей.
15 I ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
|