01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 24
1 А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды нейкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
2 Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
3 Дазнаючы праз цябе вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усею ўдзячнасьцяй.
4 Але, каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці тваей.
5 Бо, знайшоўшы, што чалавек гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсенькім сьвеце ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
6 які й храм адважыўся зьняважыць, — мы ўзялі яго й хацелі судзіць паводле нашых законаў.
7 Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
8 загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даведацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
9 Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
10 Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ведаючы цябе многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватней буду бараніці справу маю.
11 Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
12 І ані ў храме не знайшлі мяне хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
13 дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.
14 Але табе прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, веручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
15 маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
16 Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.
17 Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
18 і на гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
19 вось ім трэба было прыйсьці да цябе й вінаваціць мяне, калі-б нешта проці мяне мелі.
20 Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам, апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне за ўваскрасеньне мёртвых.
22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабней разьведаўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгледжу справу вашу.
23 I загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
24 Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю сваею, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб веры ў Хрыста.
25 А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпер годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе.
26 Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
27 А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
|