Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 23

1 Паўла-ж, паўзіраўшыся на сынэдрыон, сказаў: Мужы браты! У-ва ўсім добрым сумленьні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.

2 Архірэй-жа Ананія загадаў тым, што стаялі перад ім, каб білі яго ў вусны.

3 Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе, падбеленая сьцяна! Бо ты сядзіш, каб судзіць мяне паводле закону, і незаконна кажаш мяне біці.

4 А тыя, што стаялі перад ім, сказалі: Архірэя Божага зьневажаеш?

5 Паўла-ж азваўся: Ня ведаў я, браты, што ён архірэй. Бо-ж напісана: На павадыра народу твайго не кажы блага (Вых. 22, 28).

6 I, ведаючы, што адна часьціна ёсьць Саддукеі, а другая Фарысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыоне: Мужы браты! Я — Фарысэй, сын Фарысэявы. За надзею й ускрасеньне мёртвых судзяць мяне!

7 Калі-ж ён гэтае сказаў, узьнялася спрэчка паміж Фарысэямі й Саддукеямі, і разьдзялілася грамада.

8 Бо Саддукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані Ангела й духа; Фарысэі-ж прызнаюць абодвух.

9 Узьняўся вялікі крык. I, паўстаўшы, кніжнікі Фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: Нічога благога не знаходзім мы ў чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці Ангел, не змагаймася з Богам.

10 Калі-ж спрэчка ўзгаралася, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго спасярод іх ды вясьці ў замак.

11 У наступную-ж ноч Госпад, стануўшы перад ім, сказаў: Бадрыся, Паўла! Бо як ты сьведчыў аба Мне ў Ерузаліме, гэтак мусіш сьведчыць і ў Рыме.

12 А як настаў дзень, некаторыя Жыды, зрабіўшы змову, далі зарок, кажучы, што ня будуць есьці ані піці, пакуль не заб’юць Паўлу.

13 Было-ж іх больш за сорак, што далі гэткі зарок.

14 Яны, прыйшоўшы да архірэяў і старшых, сказалі: Мы пад прысягай заракліся есьці што-колечы, пакуль не заб’ем Паўлу.

15 Вы-ж цяпер павядомце тысячніка з сынэдрыонам, каб заўтра вывеў яго да вас, быццам хочаце пільней разглядзець справу ягоную; а мы, перш, чым ён падойдзе, гатовы забіць яго.

16 Пачуўшы-ж пра гэту засаду, сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў замак, паведаміў Паўлу.

17 Паўла-ж, паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.

18 Дык той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Паўла, паклікаўшы мяне, прасіў завясьці да цябе гэтага дзяцюка, які мае нешта сказаці табе.

19 Тысячнік, узяўшы яго за руку й адыйшоўшыся набок, запытаўся: Што маеш сказаць мне?

20 I сказаў: Жыды пастанавілі прасіць цябе, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыону, быццам манючыся падрабней распытацца аб ім.

21 Ты-ж не патурай ім: бо на яго заселі больш за сорак мужоў із іх, якія далі зарок ня есьці й ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы весткі ад цябе.

22 Дык тысячнік пусьціў дзяцюка, загадаўшы: Нікому не кажы, што мяне аб гэтым паведаміў.

23 I, паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ісьці ў Кесарыю, ды коньнікаў семдзесят ды стральцоў дзьвесьце — на трэцюю гадзіну ночы.

24 Прыгатуйце й жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўлу, адвясьці жывога да старасты Фэлікса.

25 Дый напісаў пісьмо гэткага зьместу:

26 Клаўдзі Лізі вяльможнаму старасьце Фэліксу: радуйся!

27 Чалавека гэтага, якога Жыды схапілі й маніліся забіць, я, выступіўшы з войскам, адабраў, даведаўшыся, што ён Рымскі грамадзянін.

28 Хочучы-ж ведаць прычыну, за што вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыон іхні

29 і знайшоў, што яго вінавацяць за супярэчнасьці ў законе іхнім, ды што няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці ці кайданоў.

30 Калі-ж паведамілі мяне пра змову проці чалавека гэтага, што мела стацца ад Жыдоў, я ўраз паслаў яго да цябе, загадаўшы й абвінавачываючым яго гаварыць проці яго перад табою. Бывай здароў.

31 Дык жаўнеры, як ім было загадана, узялі Паўлу й павялі ўначы ў Антыпатрыду;

32 назаўтрае-ж, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў замак.

33 Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо старасьце, паставілі перад ім і Паўлу.

34 Стараста-ж, прачытаўшы й спытаўшыся, з якое ён краіны, дый даведаўшыся, што із Кілікіі,

35 сказаў: Я выслухаю цябе, як зьявяцца абвініцелі твае. I загадаў пілнаваць яго ў прэторыі Ірадавай.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст