01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 21
1 Калі-ж давялося нам, расстаўшыся з імі, адплыці, дык, ідучы нацянькі, прыплылі мы к Косу, назаўтрае-ж к Родосу і адтуль к Патары
2 і, знайшоўшы карабель, які йшоў у Фінікію, узыйшлі на яго і паплылі.
3 Калі-ж паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева й паплылі ў Сірыю ды прысталі ў Тыры, бо там караблю трэ’ было скінуць груз.
4 І, знайшоўшы вучняў, прабылі тамака сем дзён; тыя-ж праз Духа гаварылі Паўлу, каб ня йшоў у Ерузалім.
5 Як-жа давялося нам пражыць гэныя дні, мы, выйшаўшы, пайшлі ў дарогу, і ўсе праводзілі нас з жонамі й дзяцьмі ажно за места. На беразе-ж, укленчыўшы, памаліліся.
6 I, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
7 Мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прысталі к Птолемаідзе і, прывітаўшы братоў, асталіся ў іх на адзін дзень.
8 Назаўтрае-ж Паўла й мы, што былі з ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго із сямёх, аставаліся ў яго.
9 У яго-ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
10 Як-жа былі мы многа дзён, прыйшоў з Юдэі прарок нейкі, на ймя Агаў,
11 і, увайшоўшы да нас ды ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаў сабе рукі й ногі і сказаў: Гэтак кажа Дух Сьвяты: чалавека, чый гэты пояс, так зьвяжуць Жыды ў Ерузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
12 Калі-ж мы пачулі гэтае, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня йшоў у Ерузалім.
13 Паўла-ж адказаў: Што вы робіце, плачучы й разрываючы мне сэрца? Я-ж ня толькі гатоў вязьнем стацца, але й памерці ў Ерузаліме за ймя Госпада Ісуса.
14 Ня здолеўшы намовіць яго, мы супакоіліся ды сказалі: Хай станецца воля Гасподня!
15 Па гэных днёх, прыгатаваўшыся, вырушылі мы ў Ерузалім.
16 Ішлі-ж з намі й некаторыя вучні із Кесарыі, вядучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старога вучня, каб у яго нам пагасьціць.
17 Як-жа прыйшлі мы ў Ерузалім, браты прыязна прынялі нас.
18 Наступнага-ж дня прыйшоў Паўла разам з намі да Якава; прыйшлі й усе старшыя.
19 I, прывітаўшы іх, падробна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
20 Яны-ж, выслухаўшы, пахвалілі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі ёсьць тысячаў Жыдоў, якія ўверавалі, і ўсе яны шчырыя слугі закону.
21 Але дачуліся аб табе, што навучаеш адступніцтва ад Майсея ўсіх Жыдоў, што жывуць між паганамі, кажучы, каб не абрэзывалі дзяцей і ня трымаліся звычаяў.
22 Дык што-ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
23 Вось-жа зрабі, што табе кажам: ёсьць у нас чатыры мужы, што маюць зарок на сабе.
24 Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі ды вазьмі на сябе кошты за іх, каб паабстрыгалі галовы, і ўсе даведаюцца, што тое, што даведаліся аб табе, ёсьць пустое, а ты ў парадку й сам пілнуеш закону.
25 Што-ж да ўвераваўшых паганаў, дык мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага ня трымаліся, а толькі высьцерагаліся жэртваў ідалам, крыві й душанага, ды блуду.
26 Тады Паўла, узяўшы мужоў гэных ды назаўтрае ачысьціўшыся з імі, увайшоў у храм, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх прынесена будзе ахвяра.
27 Як-жа меліся скончыцца сем дзён, Жыды, што былі із Азіі, убачыўшы яго ў храме, падбурылі ўвесь народ і ўзлажылі на яго рукі,
28 крычучы: Мужы Ізраільскія, памажэце! Вось чалавек, які ўсіх усюды навучае проці народу й проці закону й проці месца гэтага; ды яшчэ й Грэкаў увёў у храм ды апаганіў гэтае месца сьвятое
29 (бо перад гэтым яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэсца дый падумалі, што Паўла ўвёў яго ў храм).
30 Увесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. I, схапіўшы Паўлу, павалаклі яго вон із храму, ды ўраз дзьверы былі зачынены.
31 Калі-ж хацелі забіць яго, да вайсковага тысячніка дайшла вестка, што збунтаваўся ўвесь Ерузалім;
32 дык ён, узяўшы ўраз-жа жаўнераў ды сотнікаў, пабег на іх. Яны-ж, убачыўшы тысячніка й жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
33 Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго й загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
34 У таўпе-ж крычэлі кожын нешта другое. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум нешта пэўнае даведацца, загадаў вясьці яго ў замак.
35 Калі-ж апынуўся ля ўсходаў, жаўнерам прышлося на руках несьці яго дзеля натоўпу народнага,
36 бо вялікая грамада народу йшла сьледам, крычучы: Сьмерць яму!
37 Перад уваходам у замак Паўла кажа тысячніку: Ці магу нешта сказаць табе? Той жа сказаў: Ты ўмееш пагрэцку?
38 Дык ці ня ты той Эгіпцянін, што перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы душ разбойнікаў?
39 Паўла-ж сказаў: Я Жыд із Тарсу, грамадзянін слаўнага места Кілікійскага. Прашуж цябе, дазволь мне прамовіць да народу.
40 Калі-ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак народу рукою. Як-жа сталася вялікая ціша, прамовіў у Жыдоўскай мове, кажучы:
|