Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 18

1 Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.

2 I, знайшоўшы нейкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.

3 А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.

4 I кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.

5 Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахвей, Дух панукаў Паўлу сьведчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.

5 А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.

7 I, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом нейкага багабойнага чалавека, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.

8 А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уверавалі й ахрысьціліся.

9 Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:

10 бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе зло; бо багата ў Мяне народу ў месьце гэтым.

11 І прабыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 У часе-ж старастоўства ў Ахеі Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,

13 кажучы, што ён вуча людзей шанаваць Бога не па закону.

14 Калі-ж Паўла хацеў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была нейкая крыўда, ці думка ліхая;

15 калі-ж спрэчка йдзе аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.

16 I пагнаў іх із суду.

17 Усе-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.

18 Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.

19 I прыбыў у Эфэс і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.

20 Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,

21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне канешна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. I вырушыў з Эфэсу.

22 I, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.

23 Пабыўшы-ж нейкі час, выйшаў стуль ды праходзіў пачарзе зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

24 Прыйшоў-жа ў Эфэс нейкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;

25 ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ведаючы толькі хрышчэньне Іоанавае.

26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачней шлях Божы.

27 А як ён маніўся пайсьці ў Ахею, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. I ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўвераваўшы праз ласку:

28 бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст