01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 14
1 Сталася-ж у Іконіі, увайшлі яны разам у сынагогу Жыдоўскую ды прамаўлялі гэтак, што ўверавала вялікая грамада Жыдоў і Грэкаў.
2 Жыды-ж, што ня веравалі, падбурылі й варожа настроілі проці братоў душы паганаў.
3 Аднак, яны прабылі даволі часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьведчыў слову міласьці сваей і даваў рукамі іхнімі рабіць знакі й цуды.
4 I падзялілася грамада мястовая: і адны былі з Жыдамі, другія-ж з Апосталамі.
5 Калі-ж пагане й Жыды з начальнікамі сваімі напалі на іх, каб зьняважыць ды пабіць каменьмі,
6 дык яны, ведаючы, уцяклі ў месты Лікаонскія Лістру й Дэрбу ды ў ваколіцу
7 і былі тамака й прапаведывалі Эвангельле.
8 У Лістры-ж нейкі чалавек, не валадаючы нагамі, сядзеў, бо ад чэрава матчынага быў храмы й ніколі не хадзіў.
9 Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і бачучы, што мае веру дзеля спасеньня,
10 сказаў моцным голасам: Стань на ногі твае проста! I падскочыў ды хадзіў.
11 Народ-жа, бачучы, што зрабіў Паўла, падняў голас свой, мовячы па лікаонску: Богі ў чалавечай пастаці зыйшлі да нас!
12 I называлі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмэсам, бо быў павадыром у слове.
13 А жрэц Зэўса, настаўленага перад местам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі к варотам, хацеў разам з народам забіць іх.
14 Апосталы-ж Варнава й Паўла, пачуўшы, разьдзерлі вопраткі свае ды кінуліся ў народ, крычучы й гаворачы:
15 Мужы! што вы гэта робіце? Мы такія-ж людзі пакутныя, як і вы, абвяшчаем вам Эвангельле, каб адвярнуліся ад усіх гэтых марнотаў да Бога Жывога, Які стварыў неба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
16 а ў мінулых родах дапусьціў, каб усе народы йшлі сваімі шляхамі,
17 ды не пакінуў сьведчыць аб Сабе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы й поры ураджайныя, ды напаўняючы ежай і ўцехай сэрцы нашыя!
18 I, прамаўляючы гэтае, ледзьве спынілі народ, каб не забівалі для іх.
19 3 Антыохіі-ж і Іконіі прыйшлі Жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі яго за места, думаючы, што ён памер.
20 Калі-ж абступілі яго вучні, ён устаў ды ўвайшоў да места і назаўтрае з Варнаваю выйшаў у Дэрбу.
21 Абвясьціўшы-ж Эвангельле гэнаму месту ды прыдбаўшы многа вучняў, вярнуліся назад у Лістру й Іконію й Антыохію,
22 умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у веры, ды што праз шмат мукаў трэ’ нам увайсьці ў царства Божае.
23 Паназначаўшы-ж ім, ускладаючы рукі, старшых па царквох, ды памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.
24 I, прайшоўшы праз Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію.
25 I, расказаўшы слова ў Пэрзе, пайшлі ў Атталію
26 ды стуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на дзела, якое выпаўнілі.
27 Апынуўшыся там і склікаўшы царкву, абвясьцілі, што ўчыніў з імі Бог ды як расчыніў дзьверы веры паганам.
28 I былі тамака немалы час з вучнямі.
|