Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 13

1 Былі-ж у Антыохіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі й вучыцялі: Варнава й Сымон, называны Нігер, і Лукій Кірэнэец, ды Манаэн, што ўзгадаваўся разам з Ірадам чацьвёраўладарным, ды Саўл.

2 I, калі яны адпраўлялі службу Божую і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце мне Варнаву й Саўла на дзела, на якое я іх паклікаў.

3 Дык яны, папасьціўшы й памаліўшыся, ды ўзлажыўшы на іх рукі, звольнілі іх.

4 Тыя-ж, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль паплылі к Кіпру.

5 I, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі слова Божае ў Жыдоўскіх сынагогах; мелі-ж і Іоана слугу.

6 Прайшоўшы-ж востраў ажно да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка лжэпрарока, Жыда, на імя Варыісус,

7 які быў у старасты Сяргея Паўлы, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Варнаву й Саўла, зажадаў паслухаць слова Божае.

8 Проці іх выступіў Яліма, чараўнік, (гэтак тлумачыцца імя ягонае), жадаючы адвярнуць старасту ад веры.

9 Але Саўл (ён жа й Паўла), напоўніўшыся Духам Сьвятым ды паўзіраўшыся на яго,

10 сказаў: О, сыне дэмана, поўны ўсякае крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякае праўды! Ці-ж не пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?

11 Дык вось цяпер рука Гасподня над табою, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгледзіш сонца ажно да пары. I ўраз жа найшоў на яго туман ды цемра, і, блукаючыся, шукаў павадыра.

12 Тады стараста,угледзіўшы стаўшаеся, увераваў, зьдзіўлены навукай Гасподняй.

13 Адплыўшы-ж із Пафу, тыя, што былі з Паўлам, прыйшлі ў Пэргію, у Памфіліі. А Іоан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.

14 Яны-ж, прайшоўшы із Пэргіі, апынуліся ў Антыохіі Пісідзкай ды, увайшоўшы ў сынагогу, у дзень суботні, паселі.

15 Пасьля-ж прачытаньня закону й Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце!

16 Паўла-ж, устаўшы й даўшы знак рукой, сказаў: Мужы Ізраільскія дый тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!

17 Бог народу гэтага Ізраільскага выбраў айцоў вашых дый узвысіў народ у бытнасьць у зямлі Эгіпецкай і ўзьнятай рукой вывеў іх із яе.

18 І ў працягу каля сараку гадоў карміў іх у пустыні.

19 I, зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, надзяліў іх зямлёй гэных.

20 Пасьля-ж гэтага каля чатырох сот і пяцьдзесяцёх гадоў даваў судзьдзяў да Самуіла прарока.

21 А з таго часу прасілі аб цара; і даў ім Бог Саула, сына Кісавага, мужа з роду Бэніямінавага, гадоў на сорак.

22 Скінуўшы-ж яго, паставіў ім за цара Давіда, аб якім і сказаў, сьведчучы: Знайшоў Давіда, сына Есіявага, мужа Мне па сэрцу, які зьдзейсьніць усе жаданьні Мае (1 Царств. 13, 14 Пс. 88, 21).

23 Із яго-ж насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Спаса Ісуса,

24 перад прыходам Якога абвясьціў Іоан хрышчэньне пакаяннае ўсяму народу Ізраільскаму.

25 Калі-ж Іоан канчаў шлях свой, ён сказаў: За каго лічыце мяне? Не я гэта, а йдзе вось за мною, каму я ня годны вобуй разьвязаць на нагах.

26 Мужы браты, сыны роду Аўраамавага і тыя, што Бога баяцца сярод вас! Вам паслана слова спасеньня гэтага.

27 Бо жыхары Ерузаліму й начальнікі іх, не пазнаўшы Яго ды асудзіўшы, споўнілі галасы прарокаў, чытаныя кожную суботу,

28 і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб быў забіты.

29 Калі-ж споўнілі ўсё напісанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзерава, палажылі ў магілу.

30 Але Бог ускрасіў яго із мёртвых.

31 I шмат дзён паказываўся тым, што прыйшлі разам з Ім із Галілеі ў Ерузалім; яны — сьведкі Яго перад народам.

32 I мы вам абвяшчаем, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, падняўшы Ісуса,

33 як і ў другім Псальме напісана: Ты Сын Мой, Я сяньня Цябе спарадзіў (Пс. 2, 7).

34 А што ўскрасіў Яго із мёртвых, каб ніколі не абярнуўся ў тленьне, дык сказаў гэтак: Дам вам сьвятасьці Давідавыя напэўна (Ісая 55, 3).

35 Дзеля таго і ў іншым гаворыць: Не дасі Сьвятому Твайму ўгледзіць тленьне (Пс. 15, 10).

36 Бо-ж Давід, паслужыўшы роду свайму, з волі Божае супачыў і быў паложаны пры бацькох сваіх ды ўбачыў тленьне,

37 а Той, каго Бог ускрасіў, тленьня ня ўбачыў.

38 Дык няхай вам будзе ведама, мужы браты, што адпушчэньне грахоў праз Яго вам абвяшчаецца;

39 і ў-ва ўсім, у чым ня можаце апраўдацца ў законе Майсеявым, кожын веруючы апраўдаецца ў Ім.

40 Глядзіце-ж, каб ня прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:

41 Глядзіце, вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся і шчэзьніце! Бо дзела роблю ў дні вашыя, дзела, якому вы не паверылі-б, калі-б кто расказаў вам (Аввак. 1, 5).

42 Калі-ж выходзілі із Жыдоўскае сынагогі, прасілі іх пагане, каб і ў другую суботу гаварылі словы гэтыя.

43 А як разыйшлася сынагога, многа Жыдоў і пабожных паверненых пайшлі за Паўлам і Варнавай; тыя-ж, размаўляючы з імі, заклікалі іх аставацца ў ласцы Божай.

44 У наступную-ж суботу блізу ўсё места зыйшлося слухаць слова Божае.

45 Дык Жыды, убачыўшы гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што гаварыў Паўла, кажучы насупраць ды зьняважаючы іх.

46 Паўла-ж і Варнава горда сказалі: Да вас належала перш прамовіць слова Божае; але, калі вы адкідаеце яго ды ня лічыце сябе годнымі жыцьця вечнага, дык мы зварачаемся вось да паганаў.

47 Бо так запаведаў нам Госпад: Я паставіў цябе за сьветач для паганаў, каб быў ты дзеля спасеньня ажно па край зямлі (Ісая 49, 6).

48 Пагане-ж, пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Гасподняе, ды ўверавалі ўсе, якія былі празначаны да жыцьця вечнага.

49 I разнасілася слова Гасподняе на ўсей старане.

50 Жыды-ж падбухторылі пабожных ды паважаных жанок і першых у месьце, паднялі перасьледаваньне проці Паўлы й Варнавы ды выгналі іх із межаў сваіх.

51 Яны-ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, пайшлі ў Іконію.

52 А вучні напоўніліся радасьцяй і Духам Сьвятым.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст