01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 12
1 А ў тым часе падняў цар Ірад рукі, каб мучыць некаторых із царквы,
2 а Якава, брата Іонавага, дык мячом забіў.
3 I, бачучы, што гэта люба Жыдом, наважыўся ўзяць і Пятра (а былі дні праснакоў)
4 ды, злавіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу.
5 Гэтак вось Пятра пілнавалі ў вязьніцы; царква-ж усьцяж малілася за яго Богу.
6 Калі-ж Ірад маніўся вывясьці яго, у тую ноч Пётр спаў міжы двух жаўнераў, апутаны двума ланцугамі, ды перад дзьвярыма варта пілнавала вязьніцу.
7 I вось Ангел Гасподні стануў перад ім, і сьвятло зазьяла ў будынку. I, ткнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго ды кажа: Устань хутчэй!
8 I зваліліся з рук ягоных ланцугі. Ангел-жа сказаў да яго: Падперажыся й падвяжы пасталы твае. Зрабіў і гэта. I кажа яму: Надзень вопратку тваю і йдзі за мной.
9 I, выйшаўшы, пайшоў за ім. Ды ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, бо думаў, што бачыць прывід.
10 Абмінуўшы-ж першую варту і другую, яны падыйшлі да зялезных варотаў, што вялі да места ды самі сабой расчыніліся ім. I, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, калі Ангел зьнячэўку адстаў ад яго.
11 І Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю запраўды, што Госпад паслаў Ангела свайго і вырваў мяне із рук Ірадавых ды з усяго, чаго ждаў народ Жыдоўскі.
12 Аглядзеўшыся-ж, пайшоў к дому Марыі, маткі Іоана, называнага Маркам, гдзе многія сабраліся й маліліся.
13 Калі-ж Пётр стукаўся ў дзьверы сенцаў, падыйшла паслухаць дзяўчынка, на ймя Рода,
14 і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла дзьвераў, але, убегшы, абвясьціла, што Пётр стаіць перад уваходам.
15 Тыя-ж сказалі да яе: Ты ашалела. Але яна казала, што гэта так. Яны-ж гаварылі: гэта Ангел ягоны.
16 Пётр жа не пераставаў стукацца. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і здумеліся.
17 Паказаўшы-ж рукой, каб маўчалі, расказаў ім; як Госпад вывеў яго із вязьніцы. I сказаў: Павядомце аб гэтым Якава і братоў. I, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
18 Калі-ж настаў дзень, сярод жаўнераў узьнялася трывога вялікая: што сталася з Пятром?
19 Ірад жа, пашукаўшы ды не знайшоўшы яго, судзіў вартаўнікаў і загадаў сказьніць іх. I, перабраўшыся з Юдэі ў Кесарыю, жыў.
20 А Ірад маніўся ваяваць з Тырыйцамі й Сіданійцамі. Яны-ж, змовіўшыся, прыйшлі да яго і, скланіўшы Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іхняя краіна кармілася ад царскае.
21 У вызначаны-ж дзень Ірад, апрануўшыся ў царскія шаты ды сеўшы на пасадзе, прамаўляў да іх,
22 а народ крычэў: Голас Божы, а не чалавечы!
23 Зьнячэўку Ангел Гасподні паразіў яго за тое, што не аддаў хвалы Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памер.
24 Слова-ж Божае разрасталася й памнажалася.
25 А Варнава й Саўл, споўніўшы даручэньне, пайшлі назад з Ерузаліму, узяўшы з сабой такжа Іоана, называнага Маркам.
|