01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 10
1 Быў жа ў Кесарыі муж нейкі, на ймя Карнэль, сотнік із роты, называнай Італійскай,
2 пабожны й багабойны разам з усенькім домам сваім; багата абдорываў ён народ ды ўсьцяж маліўся Богу.
3 Ён бачыў ясна ў зьяве, каля дзявятае гадзіны дня, як увайшоў да яго Ангел Божы і сказаў: Карнэль!
4 Ён жа, глянуўшы на яго ды спалохаўшыся, сказаў: Хто ты, Госпадзе? I сказаў да яго: Малітвы твае й дораньне тваё ўзыйшлі на памяць перад абліччам Бога.
5 Дык пашлі цяпер у Іоппу людзей ды пакліч праз іх Сымона, што называецца Пятром;
6 ён у гасьцёх у нейкага Сымона, гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.
7 Калі-ж Ангел, што гутарыў з Карнэлем, пайшоў, ён, клікнуўшы двое слуг сваіх і пабожнага жаўнера із тых, што былі пры ім,
8 ды ўсё ім расказаўшы, паслаў іх у Іоппу.
9 Назаўтрае-ж, як яны былі ў дарозе й падыходзілі да места, Пётр узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
10 I сталася, пачуў голад ды захацеў есьці; пакуль-жа гатавалі, найшло на яго захапленьне,
11 і бачыць неба расчыненае ды судзіну нейкую, зыходзячы да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю,
12 а ў ім былі ўсялякія чацьвёраногія зямлі, зьвяры й гады і птахі нябесныя.
13 I стаўся голас да яго: Устань, Пётр, і забівай ды еш.
14 Пётр жа сказаў: не, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага й нячыстага.
15 I ізноў голас другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
16 Сталася-ж гэта тройчы. I судзіна ізноў узьнялася на неба.
17 Калі-ж Пётр сумляваўся ў сабе, што-б значыла зьява, якую бачыў, — вось людзі, пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся аб Сымонавы дом, спыніліся ля варотаў
18 і, крыкнуўшы, спыталіся: Ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
19 А пад той час, як Пётр разважаў пра зьяву, сказаў яму Дух: Вось, трое людзей шукаюць цябе.
20 Дык, устаўшы, ідзі ды пайдзі з імі, нічога не разьбіраючы: бо Я паслаў іх.
21 Зыйшоўшы-ж да гэных людзей, пасланых да яго ад Карнэля, Пётр сказаў: Вось я той, каго шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?
22 Яны-ж сказалі: Карнэль, сотнік, муж справядлівы й багабойны, аб якім сьведчыць увесь народ Жыдоўскі, дастаў ад сьвятога Ангела загад паклікаць цябе ў свой дом ды паслухаць слоў тваіх.
23 Дык, запрасіўшы іх, пачаставаў. А назаўтрае Пётр пайшоў з імі, ды некаторыя із братоў, што з Іоппы, пайшлі з ім разам.
24 І назаўтрае прыйшлі ў Кесарыю. Карнэль жа чакаў на іх, спрасіўшы родных сваіх ды блізкіх прыяцеляў.
25 Калі-ж сталася, што Пётр увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
26 Але Пётр падняў яго, гаворачы: Устань, і я чалавек.
27 I, размаўляючы з ім, увайшоў ды знаходзе многа сабраных.
28 I прамовіў да іх: Вы ведаеце, што нельга чалавеку Жыду лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі; але Бог паказаў мне не лічыць ніводнага чалавека паганым ці нячыстым.
29 Дзеля гэтага я, пакліканы, і прыйшоў не спрачаючыся. I вось пытаюся: на што вы клікалі мяне?
30 I прамовіў Карнэль: Ад чацьвертага дня ажно да гэтае гадзіны я пасьціў ды ў дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось стануў перада мною муж у бліскучай вопратцы
31 ды прамовіў: Карнэль, выслухана малітва твая, і дораньне твае ўзыйшло на памяць перад абліччам Бога;
32 дык пашлі ў Іоппу ды пакліч Сымона, што называецца Пётр: ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора; той, прыйшоўшы, скажа табе.
33 Дык я ўраз-жа паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. I вось мы ўсе стаімо перад абліччам Бога, каб выслухаць усё, што загадана табе ад Бога.
34 I Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: Запраўды спасьцерагаю, што не на аблічча ўглядаецца Бог,
35 але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Бога й чыніць справядліва.
36 Слова паслаў сыном Ізраілявым, абвяшчаючы мір праз Ісуса Хрыста (той ёсьць Госпад усяго);
37 вы ведаеце слова, што сталася па ўсенькай Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля Хрышчэньня, якое абвясьціў Іоан:
38 як Бог Ісуса із Назарэту памазаў Духам і моцай, што хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманам, бо з ім быў Бог.
39 I мы — сьведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Жыдоўскай дый у Ерузаліме. I забілі Яго, павесіўшы на дрэве.
40 Яго Бог ускрасіў на трэці дзень і даў Яму паказвацца,
41 ды не ўсяму народу, але сьведкам, наперад выбраным ад Бога, нам, што елі й пілі разам з Ім пасьля ўваскрасеньня із мёртвых.
42 I загадаў нам абвяшчаць народу й сьведчыць, што Ён ёсьць празначаны ад Бога судзьдзя жывых і мёртвых.
43 Аб ім усе Прарокі сьведчаць, што кожын, хто веруе ў Яго, дастане адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае.
44 I, калі Пётр яшчэ гаварыў, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі ягонае слова.
45 I веручыя із абрэзаных, якія былі прыйшлі разам з Пятром, здумеліся, што дар Духа Сьвятога зыходзе й на паганаў:
46 бо пачулі іх гаворачы языкамі і ўзьвялічаючы Бога. Тады прамовіў Пётр:
47 Няўжо-ж хто можа забараніць вады дзеля хрышчэньня вось гэтых, што прынялі Духа Сьвятога, як і мы?
48 I загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго, каб пабыў у іх колькі дзён.
|