Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Лукі сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Лукі сьв. Эвангельле

010203040506070809101112
131415161718192021222324

 

Разьдзел 7

1 Калі Ён скончыў усю гутарку Сваю да слухаючага народу,то ўвайшоў у Капэрнаум.

2 У аднаго-ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.

3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго Юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу яго.

4 I яны, прыйшоўшы да Ісуса, крэпка прасілі Яго, кажучы: ён варт, каб Ты зрабіў для яго гэтае,

5 бо ён любіць народ наш і паставіў нам школу.

6 Ісус пайшоў з імі. I, калі Ён недалёка ўжо быў ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе! бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху маю,

7 бо і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее слуга мой;

8 бо і я маю над сабою ўладу, але маю і пад сабою жаўнераў; кажу аднаму — пайдзі, і йдзе; і другому: прыдзі, і прыходзіць; і слузе майму: зрабі тое, і зробіць.

9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, абярнуўшыся, сказаў ішоўшаму за Ім народу: кажу вам, што і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры.

10 Пасланыя, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.

11 Пасьля гэтага Ісус пайшоў да места, называнага Наім; і з Ім ішлі многія з вучняў Яго ды множства народу.

12 Калі-ж Ён падыйшоў да мястовае брамы, тут выносілі памершага адзінага сына ў маткі, а яна была ўдава; і многа народу йшло з ёю з места.

13 Угледзіўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю ды сказаў ёй: ня плач.

14 I, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; нёсшыя затрымаліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу: устань!

15 Умершы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус матцы яго.

16 I ўсіх зьняў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў міжы намі, і Бог адведаў народ Свой.

17 I разыйшлося слова гэтае аб Ім па ўсёй Юдэі і па ўсіх ваколіцах.

18 I паведамілі Іоана вучні Яго аб усім гэтым.

19 I, паклікаўшы двох з вучняў сваіх, Іоан паслаў іх да Ісуса спытацца: ці Ты Той, Каторы павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

20 Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Іоан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Ты Той, Катораму належыць прыйсьці, ці чакаць нам другога?

21 А ў гэты час Ён многіх аздараўляў ад хвароб і недамаганьняў і ад злых духаў і многім сьляпым варочаў зрок.

22 I сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, скажэце Іоану, што вы бачылі і чулі: сьляпыя пачынаюць бачыць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памершыя ўскрасаюць, і ўбогім абвяшчаецца эвангельле.

23 I шчасьлівы, хто не спакусіцца ад Мяне.

24 Калі-ж пасланыя Іоанам пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Іоана: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну ветрам калыханую?

25 Што-ж глядзець хадзілі вы? ці чалавека, адзетага ў мяккія вопраткі? Але пышна адзетыя і раскошна жывучыя знаходзяцца пры дварох царскіх.

26 Што-ж глядзець хадзілі вы? ці прарока? Так, кажу вам, і балей за пророка.

27 Гэта ёсьць, аб якім напісана: вось Я пасылаю ангела Майго перад абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малах. 3, 1).

28 Бо кажу вам: з роджаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Іоана Хрысьціцеля; але меншы ў Царстве Божым большы за яго.

29 I ўвесь народ, які слухаў Яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Іоанавым;

30 а фарысэі й законьнікі адкінулі раду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў Яго.

31 Тады Госпад сказаў: да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобны?

32 Яны падобны да дзяцей, што сідзяць на вуліцы, клічуць адзін аднаго і кажуць: мы йгралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы сьпявалі вам сумныя песьні, і вы ня плакалі.

33 Бо прыйшоў Іоан Хрысьціцель; ні хлеба ня есьць, ні віна ня пець; і кажуць: у ім злы дух.

34 Прыйшоў Сын Чалавечы; есьць і пець; і кажуць: вось чалавек, каторы любіць есьці і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў.

35 I апраўданы розум усімі дзяцьмі яго.

36 Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.

37 I вось жанчына з таго места, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысэя, прынесла алябастравую судзіну з алеем;

38 і, стануўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі і выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго і мазала алеем.

39 Бачучы гэтае, фарысэй, што быў запрасіў Яго, сказаў сам да сябе: калі-б Ён быў прарок, то ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.

40 Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымон! Я маю штось сказаць табе. Ён кажа: скажы, Вучыцелю!

41 Ісус сказаў: у аднаго крэдыvтара былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят;

42 але, як яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы-ж, каторы з іх балей узьлюбіць яго?

43 Сымон адказаў: думаю, той, катораму балей дараваў. Ён сказаў яму: справядліва ты рассудзіў.

44 I, зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валосьсем галавы сваёй выцерла.

45 Ты цалаваньня Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.

46 Ты галавы Мне маслам не памазаў; а яна алеем памазала Мне ногі.

47 Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна многа ўзьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць.

48 А ёй сказаў: адпускаюцца табе грахі.

49 I супачываўшыя разам з Ім пачалі гаварыць у сабе: хто Ён такі, што і грахі адпускае?

50 Ён жа сказаў жанчыне: вера твая спасла цябе; ідзі з мірам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст