01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Разьдзел 4
1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паведзены быў Духам у пустыню;
2 там сорак дзён Ён быў спакушаны ад дябла й нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці;
3 і сказаў Яму д’ябал: калі ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хлебам.
4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым (Другазак. 8, 3).
5 I, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу,
6 і сказаў Яму д’ябал: дам Табе ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна аддана мне, і я, каму хачу, даю яе.
7 Дык калі Ты паклонішся мне, то ўсё будзе Тваё.
8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, шатан; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6, 13).
9 I павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
10 бо напісана: Ангелам сваім накажа пра цябе ўсьцерагчы Цябе;
11 і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да каменя нагою Тваёю (Пс. 90, 11—12).
12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога Твайго (Другазак. 6, 16).
13 I, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.
14 I вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане.
15 I вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў слаўлены.
16 I прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзень суботні ў школу, і ўстаў чытаць.
17 I падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
18 Дух Гасподні на Мне: бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім і паслаў Мяне аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызваленьні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю
19 і абвяшчаць год Гасподні прыемны (Ісая 61, 1—2).
20 I, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, сеў; і вочы ўсіх у школе былі зьвернены на Яго.
21 I Ён начаў гаварыць ім: цяпер выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
22 I ўсе засьведчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
23 Ён сказаў ім: ведама, вы скажаце Мне прыказку: лекару, вылячы Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.
24 I сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
25 Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсей зямлі;
26 і ні да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
27 Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісею, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыйца.
28 Пачуўшы гэтае, усе ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
29 і, устаўшы, выгналі Яго вон з места і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована места іх, каб скінуць Яго.
30 Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
31 I прыйшоў у Канэрнаум, места Галілейскае, і вучыў іх у дні суботы.
32 I дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
33 I быў у школе чалавек, маючы нячыстага духа шатанскага і ён заенчыў моцным голасам:
34 Пакінь! Што Табе да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.
35 Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! I дэман, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
36 I напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыказвае нячыстым духам, і яны выходзяць?
37 I разьнеслася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцох.
38 Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе.
39 I, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
40 Пры захадзе сонца ўсе, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
41 Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
42 Калі-ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзержываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
43 Але Ён сказаў ім: і другім местам павінен Я абвяшчаць добрую вестку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.
44 I навучаў у школах Галілейскіх.
|