01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34
29 Гэта словы змовы, каторую СПАДАР расказаў Масею зрабіць із сынамі Ізраелявымі ў зямлі Моаўскай, апрача змовы, каторую СПАДАР зрабіў ізь імі на Горыве.
2 I згукаў Масей усяго Ізраеля, і сказаў ім: ,,Вы бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР перад ачыма вашымі ў зямлі Ягіпецкай Фараону а ўсім слугам ягоным а ўсёй зямлі ягонай: 3 Тыя вялікія дазнаньні, каторыя бачылі вочы вашы, знакі а чудосы вялікія тыя; 4 Але ня даў вам СПАДАР сэрца, каб цяміць, і ачоў, каб бачыць, і вушоў, каб чуць, дагэтуль. 5 I вадзіў сорак год па пустыні, і адзецьці вашы на вас ня зьвялі, і вобуй твой ня зьвяў на назе тваёй. 6 Хлеба вы ня елі, і віна а напітку хмельнага ня пілі, каб вы ведалі, што Я СПАДАР, Бог ваш. 7 I вы прышлі на месца гэтае, і выступіў Сыгон, кароль Гэшбонскі, і Оґ, кароль Вашанскі, на пярэймы нам на вайну, і мы іх пабілі, 8 I мы ўзялі зямлю іхную, і аддалі яе на спадак Рувінам а Ґадам а палавіцы плямені Манасавага. 9 Дзяржыце ж словы змовы гэтае, і паўніце іх, каб вам мець дасьпех у вусім, што будзеце рабіць.
10 „Усі вы цяпер стаіце перад відам СПАДАРА, Бога свайго, галавы плямёнаў вашых, старцы вашы, ураднікі вашы, усі мужы Ізраелявы, 11 Дзецяняты вашы, жонкі вашы і чужаземец твой, што сярод табару твайго, ад секача дроў тваіх да сіляча вады твае, 12 Каб увыйсьці табе ў змову СПАДАРА, Бога свайго, і ў прысягу Яго, каторую СПАДАР, Бог твой, чыне з табою сядні, 13 Каб пастанавіць цябе цяпер сабе за люд, і Ён будзе табе Богам, як Ён казаў табе й як прысягаў айцом тваім Абрагаму, Ісаку а Якаву. 14 I не з аднымі толькі вамі я ўчыню гэтую змову й гэтую прысягу, 15 Але як із тымі, каторыя цяпер тут із намі стаяць перад відам СПАДАРА, Бога нашага, так і з тымі, каторых няма тут із намі цяпер; 16 Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Ягіпецкай, і як мы праходзілі пасярод народаў, пераз каторыя вы прайшлі, 17 I бачылі агіды іхныя й балваны іхныя, дзярвяныя й каменныя, срэбныя й залатыя, каторыя ў іх. 18 Каб ня было памеж вас мужчыны або жонкі, або радзімы, або плямені, каторага сэрца адхінулася б цяпер ад СПАДАРА, Бога нашага, каб хадзіць служыць багом тых народаў, каб ня было памеж вас караня, што родзе жоўць а палын; 19 I калі б было, што, як пачуеш словы кляцьбы гэтае, то дабраславіш у сэрцу сваім, кажучы: ,Супакой будзе імне, хоць бы хадзіў подле ўпорлівасьці сэрца свайго', каб знішчыць таго, што напіўшыся, і ўсьмяглага. 20 Ня будзе зычыць СПАДАР дараваць яму, але тады задыміцца гнеў СПАДАРА й завісьць Яго на такога чалавека, і будзе цікаваць на яго ўся кляцьба, напісаная ў гэтай кнізе, і вытра СПАДАР імя ягонае з пад нябёсаў; 21 I аддзеле яго СПАДАР на ліха ад усіх плямёнаў Ізраелявых, подле ўсіх кляцьбаў змовы, напісаных у гэтай кнізе права гэтага. 22 I скажа апошні род, дзеці вашыя, што будуць просьле вас, і чужаземец, што прыйдзе ізь зямлі далёкае, абачыўшы болькі зямлі гэтае й хваробы, каторымі заразе яе СПАДАР: 23 ,Серка а соль, пажарышча - уся зямля; не засяецца й ня родзе яна, і ня ўзыйдзе зь яе ніякая трава, як па выгубленьню Содомы, Ґоморы, Адмы а Сэвоіму, каторыя вывярнуў СПАДАР у гневе Сваім а ў вабурэньню сваім'; 24 I скажуць усі народы: ,3а што СПАДАР так учыніў з гэтаю зямлёю? які вялікі гэты ґіж гневу Ягонага!' 25 I скажуць: ,3а тое, што яны пакінулі змову СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, каторую Ён учыніў зь імі, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, 26 I пайшлі й пачалі служыць іншым багом, і кланяцца ім, багом, каторых яны ня зналі, і каторых Ён ня ўдзяліў ім, 27 Узгарэўся гнеў СПАДАРОУ на зямлю гэтую, каб навесьці на яе ўсю кляцьбу, напісаную ў гэтай кнізе; 28 I вырваў іх СПАДАР ізь зямлі іхнае ў гневе, пале і ў вялікім абурэньню, і кінуў іх на іншую зямлю, як цяпер'. 29 Тайныя належаць СПАДАРУ, Богу нашаму, а яўныя нам а сыном нашым аж навекі, каб мы паўнілі ўсі словы права гэтага.
|