01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34
25„Калі будзе сьпярэчка памеж людзёў, і яны дабліжацца да суду, дык хай судзяць іх, правага хай аправяць, а ліхога засудзяць. 2 I калі будзе варты біцьця ліхі, то судзьдзя хай раскажа пакласьці яго й біць перад сабою, подле ліхасьці ягонае, лікам. 3 Сорак вытняў можа біць яго, а не павяліча, каб ад павялічэньня вытняў звыш гэтага, ад шмат вытняў брат твой ня быў паніжаны перад ачыма тваімі.
4 „Не затыкай пыску валу, як ён малоце.
5 ,,Калі браты жывуць разам, і адзін ізь іх памрэць, а сына няма ў яго, то жонка памерлага ня мае выходзіць вонкі за чалавека чужога, але дзевер ейны мае ўвыйсьці да яе а ўзяць яе сабе за жонку а жыць ізь ёю, як дзевер. 6 I будзе, што пяршак, каторага яна народзе, установе імя брата ягонага памерлага, каб ня было сьцерта імя ягонае ў Ізраелю. 7 Калі ж не захоча тый чалавек узяць браціху сваю, то браціха ягоная ўзыйдзе да брамы, да старцоў, і скажа: ,Адмовіўся дзевер мой устанавіць імя брата свайго ў Ізраелю, ня хоча жаніцца з імною, як дзевер; 8 Тады гукнуць яго старцы места ягонага і будуць умаўляць; і калі ён стане й скажа: ,Не хачу ўзяць яе'; 9 То дабліжыцца браціха ягоная да яго на ачох старцоў, і здыйме бот ягоны з нагі ягонае, і плюне ў від ягоны, і адкажа, і скажа: ,Гэтак робяць із чалавекам, каторы ня будуе дому брату свайму'. 10 I назавуць імя ягонае ў Ізраелю: ,Дом разутага'.
11 „Як б'юцца мяжсобку мужчыны, чалавек і брат ягоны, і жонка аднаго дабліжыцца, каб уратаваць мужа свайго з рук б'ючага яго, і выцягнуўшы руку сваю, схопе яго за сарамаценьне; 12 Дык адсячы руку ейную; хай не пажалее вока твае.
13 „Хай ня будзе ў мяху тваім дваякіх камянёў, вялікі й малы. 14 Хай ня будзе ў доме тваім дваякая ефа, вялікая й малая. 15 Вага дасканальная а справядлівая хай будзе ў цябе, мера дасканальная а справядлівая хай будзе ў цябе, каб працягнуліся дні твае на зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе; 16 Бо агідны перад СПАДАРОМ, Богам тваім, кажны робячы няпраўду.
17 „Памятуй, што зрабіў табе Амалік на дарозе, як выйшлі зь Ягіпту; 18 Як ён пераняў цябе на дарозе, і пабіў усіх млявых адзаду цябе, як ты здарожыўся а прыстаў, і не пабаяўся ён Бога. 19 I будзе, як СПАДАР, Бог твой, супакое цябе ад усіх варагоў тваіх навокал зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, каб апанаваць яе, вытры памятку Амаліка з пад нябёсаў, не забудзься.
|