01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
6
Ягня адкрывае шэсьць пячатак
1 Пасьля убачыў я, як Ягня зламала першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з жывёлаў сказала быццам гукам грымоты: "Прыйдзі і паглядзі!"
2. І убачыў я: і вось белы конь, і на ім коньнік, трымаючы лук, і дадзена яму карона, і выйшаў ён як пераможца, каб далей перамагаць.
3. І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"
4. І выйшаў тады іншы конь, рыжы; і седзячаму на ім дадзена (ўлада), каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.
5. І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!" І убачыў я: і вось конь вараны; і седзячы на ім трымаў вагу ў руцэ сваёй.
6. І пачуў я быццам голас, з-паміж тых чатырох жывёлаў, гаворачы: "Мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; і не кранай віна і алівы".
7. І калі адкрыў Ён чацьвёртую пячатку, пачуў я голас чацьвёртай жывёлы, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"
8. І убачыў я: і вось конь сівы, і коньніку, які сядзеў на ім, было імя Сьмерць, і Пекла ішло сьледам за ім, і дадзена яму ўлада на чацьвёртай частцы зямлі забіваць мячом, голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямлі.
9. І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад аўтаром душы тых, якія былі пазабіваныя за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.
10. І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: "Госпадзе, Сьвяты і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?"
11. І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб пачакалі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік супрацоўнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.
12. І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц быццам заліўся крывёю,
13. і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фіговае дрэва скідае свае недасьпелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,
14. і неба зьнікла, як быццам зьвілося ў скрутак, і ўсе горы і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.
15. І каралі зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і ўсе нявольнікі і вольныя пахаваліся ў пячорах і горных скалах,
16. і казалі горам і скалам: "Спадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, які сядзіць на троне і ад гневу Ягняці,
17. бо надыйшоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа вытрымаць?"
|