01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
20
Тысячагадовае каралеўства
1. І ўбачыў я анёла, зыходзячага з неба і маючага ў руцэ ключ ад бездані і вялікі ланцуг.
2. І схапіў ён дракона, зьмея старадаўняга, які ёсьць д'ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,
3. і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і палажыў пячатку зьверу, каб ня зводзіў больш людзей, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасьля ён мае быць звольнены на кароткі час.
4. І ўбачыў я троны, і паселі на іх тыя, якім дадзена судзіць, і бачыў я душы сьцятых за сьведчаньне аб Езусе і за Слова Божае, і ўсіх тых, якія не пакланяліся зьверу і абразам яго, якія ня мелі кляйма на чале ці руцэ. І жылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.
5. Рэшта памёршых не ажыла, пакуль ня скончылася тысяча год. Гэта ёсьць першае ўваскрасеньне.
6. Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел у першым уваскрасеньні! Над ім другая сьмерць ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
Апошняя бітва
7. І калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязьніцы і выйдзе з яе,
8. і будзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.
9. І яны выйшлі на прастор зямлі і акружылі табар сьвятых і іх умілаваны горад. Але зьляцеў з неба агонь і зьнішчыў іх.
10. І д'ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і зьвер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ноччу на вякі вечныя.
Суд над народамі
11. І ўбачыў я трон вялікі зьзяючы і Седзячага на ім, перад абліччам якога зьніклі зямля і неба, і няма ім месца.
12. І ўбачыў я памёршых, вялікіх і малых, стаячых перад тронам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцьця. І быў суд над памёршымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.
13. І аддала мора памёршых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі сьмерць і пекла сваіх памёршых, якія ў іх прабывалі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.
14. І сьмерць і пекла былі ўкінуты ў возера агністае. Гэта другая сьмерць - возера агністае.
15. І хто ня быў упісаны ў кнігу жыцьця, той быў укінуты ў возера агністае.
|