01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
19
Радасьць у небе
1. Пасьля гэтага чуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, усклікваючых: "Альлелюя! Збаўленьне, і хвала, і магутнасьць Богу нашаму,
2. бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя. Ён бо асудзіў распусьніцу вялікую, якая паганіла зямлю сваёй распустаю, і помсьціў кроў слугаў сваіх, якою пляміла яна рукі свае".
3. І зноў усклікнулі: "Альлелюя! І дым з яе будзе падымацца на вякі вечныя".
4. І ўпалі на твар дваццаць чатыры старыя і чатыры жывёлы, і аддалі паклон Богу, седзячаму на троне, і ўсклікнулі: "Амэн. Алелюя".
5. І голас, зыходзячы ад трону, сказаў: "Слаўце Бога нашага, усе слугі Ягоныя, каторыя Яго баіцёся, малыя і вялікія".
6. І пачуў я голас незлічонае грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымотаў, кажучы: "Альлелюя, узяў бо ўладу Госпад, Бог наш Усемагутны.
7. Радуймася і цешмася, і аддайма хвалу Яму, бо надыйшоў час вясельля Ягняці, і жонка Яго прыгатавана.
8. І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа ёсьць справядлівасьць сьвятых".
9. І сказаў (анёл) мне: "Напішы: Шчасьлівыя, пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці". І дадаў мне: "Гэта сапраўды словы Божыя".
10. І я ўпаў яму да ног, каб пакланіцца яму. А ён сказаў мне: "Глядзі, не рабі гэтага! Бо я суслужнік твой і братоў тваіх, маючых сьведчаньне Езуса. Богу пакланіся. Бо сьведчаньне Езуса ёсьць дух прароцтва".
Зьнішчэньне ворагаў
Перамога Слова
11. І ўбачыў я адкрытае неба; і вось белы конь; і на ім сядзеў коньнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.
12. Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэмаў, імя Яго напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго самога,
13. і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго Слова Божае.
14. І войска нябеснае, адзетае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.
15. І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе валадарыць над імі жалезным кіем і сам стопча ступу віна яраснага гневу Бога Усемагутнага.
16. І мае на вопратцы і на сьцягне сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.
17. І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы, і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба: "Хадзіце і сабярыцеся на вялікую вячэру Божую,
18. каб паесьці целы каралёў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і коньнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх".
19. І пабачыў я таксама зьвера і каралёў зямлі поруч войска іхняе, падрыхтаваных да бою з Тым, што сядзеў на кані, і з войскам Ягоным.
20. І схоплены быў зьвер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі кляймо зьвера і што пакланіліся перад яго абразом. Абодва яны былі жыўцом кінуты ў возера агністае, палаючае серкай.
21. А іншыя пагінулі ад мяча Седзячага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.
|