01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
14
Ягня і выбраньнікі Яго
1. I глянуў я: і вось Ягня стаіць на гары Сыён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх выцісьненае імя Яго і імя Айца Ягонага.
2. I пачуў я голас з неба, быццам многіх водаў і быццам рэха магутных грымотаў, і голас, каторы чуў я, гучаў як голас гусьляроў, граючых на гусьлях сваіх.
3. І яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам, і перад чатырма жывёламі, і перад старымі. І ніхто ня мог сьпяваць гэтай песьні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.
4. Гэта тыя, што ня спляміліся з жанчынамі і ёсьць нявінныя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з-паміж людзей як першынцы Богу і Ягняці,
5. і ў вуснах іх ня знойдзена хлусьні; без заганы яны.
Абвяшчэньне суду
6. I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Эвангельле, каб абвяшчаць пражываючым на зямлі, усякаму пакаленьню, і племю, і мове, і народу,
7. усклікваючы гучным голасам: "Бойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо надыходзіць час суду Ягонага, і пакланіцеся Творцу неба і зямлі, мора і крыніцаў водных".
8. I іншы анёл ляцеў за ім, кажучы: "Упаў, упаў Бабілён той вялікі, які паіў усе народы вогненным віном распусты сваёй".
9. I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: "Калі хто паклоніцца зьверу і абразу яго і атрымае знак на чале сваім або на руцэ,
10. той будзе піць віно гневу Божага, якое без дамешку вады налітае ў келіх гневу Ягонага. Агнём і серкай будзе мучаны той на віду ў анёлаў сьвятых і Ягняці.
11. І дым мучэньня іх будзе ўзнімацца на вякі вечныя. Ані днём, ані ноччу ня будуць мець супакою тыя, якія пакланяюцца зьверу і абразу яго і якія носяць знак імя ягонага.
12. Тут вось цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і веру Езуса.
13. I пачуў я голас з неба, кажучы мне: "Напішы: шчасьлівыя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, - кажа Дух, - яны супачынуць ад працаў сваіх, бо ўчынкі іх ідуць за імі". Жніво і збор вінаграду
14. I глянуў я, і ўбачыў воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залатую карону, а ў руцэ трымаў востры серп.
15. I іншы анёл выйшаў са сьвятыні, усклікваючы гучным голасам да Седзячага на воблаку: "Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час жніва, бо дасьпела жніво зямлі".
16. І Той, што сядзеў на воблаку, пусьціў серп свой на зямлю, і зжата была зямля.
17. I выйшаў іншы анёл са сьвятыні, якая ёсьць у небе, трымаючы таксама серп востры.
18. I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад аўтара і загаманіў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: "Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо дасьпелі ягады ягоныя".
19. I кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.
20. I выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсьцьсот стадыяў.
|