01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
12
Лёс Царквы
Жанчына і дракон
1. знак вялікі паявіўся на небе: жанчына, адзетая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,
2. і была яна цяжарная, і крычала ад болю і мукаў раджаньня.
3. І паказаўся іншы знак на небе: вось дракон вялізны, рыжы, з сямю галовамі і з дзесяцьцю рагамі, і на галовах яго сем дыядэмаў,
4. і хвост яго сьцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стануў перад жанчынаю, якая павінна радзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.
5. І нарадзіла сына хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жалезным кіем. І узяты быў яе сын да Бога і да Ягонага трону.
6. І жанчына ўцякла на пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзесят дзён.
7. I пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон ваяваў са сваімі анёламі,
8. і не асілілі, і не маглі яны ўжо далей прабываць у небе.
9. I скінуты быў дракон той магутны, зьмей старадаўні, які завецца д'ябал і шатан, спакушальнік сусьвету, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
10. I пачуў я голас магутны на небе, кажучы: "Цяпер настала збаўленьне і моц, і каралеўства Бога нашага і улада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ноччу.
11. I тыя перамаглі яго дзякуючы крыві Ягняці і словам свайго сьведчаньня, і не шкадавалі душаў сваіх ажно да сьмерці.
12. Дзеля таго цешцеся, неба і жыхары ягоныя. Гора зямлі і мору, бо зыйшоў д'ябал да вас, поўны вялікай злосьці, ведаючы, што мае мала часу!"
13. А калі дракон спасьцярог, што скінуты ён на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, нарадзіўшую сына.
14. I былі дадзены жанчыне два крыла вялікага арла, каб ляцела на пустыню на сваё месца, дзе будзе карміцца далёка ад зьмея праз пару і поры ды паўпары.
15. I пусьціў тады зьмей з ляпы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сьцягнуць.
16. І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусьціў дракон са сваёй ляпы.
17. I ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштаю яе патомства, якая трымалася загадаў Божых і мела сьведчаньне Езуса.
18. I стануў я на пяску марскім.
|