01 - 02 - 03 - 04 - 05
2
1. Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі хто і саграшыў, маем заступніка перад Айцом - Езуса Хрыста, справядлівага.
2. Ён ёсьць ахвяра перамольная за грахі нашыя, ды ня толькі за грахі нашыя, але таксама за грахі ўсяго сьвету.
Патрэба захоўваць прыказаньні
3. І па тым пазнаем, што Яго ведаем, калі спаўняем Ягоныя прыказаньні.
4. Хто кажа: "Ведаю Яго", і не беражэ Яго прыказаньняў, той брахун, і ў ім няма праўды.
5. А хто беражэ Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога завяршылася. Па гэтым вось пазнаем, што мы ў Ім.
6. Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў.
7. Дарагія! Не пішу новае прыказаньне, але прыказаньне старадаўняе, каторае вы мелі ад пачатку: тое даўняе прыказаньне ёсьць слова, якое вы чулі.
8. Але і новае прыказаньне пішу вам, праўдзівае, якое ў Ім і ў нас, бо цемра прамінае, і праўдзівае сьвятло сьвеціць ужо.
9. Хто кажа, што жыве ў сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры.
10. Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле ды ня можа спатыкнуцца.
11. А хто брата свайго ненавідзіць, той жыве ў цемры і ходзіць у цемры, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла вочы ягоныя.
Патрэба берагчыся сьвету
12. Пішу вам, дзеткі: Адпушчаны вам грахі ў імя Яго.
13. Пішу вам, бацькі: Вы пазналі Таго, хто ад пачатку. Пішу вам, юнакі: Вы перамаглі ліхога.
14. Напісаў вам, дзеткі: Вы ведаеце Айца. Напісаў вам, бацькі: Пазналі вы Таго, хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: Вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога.
15. Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Бо калі хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.
16. Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, прагавітасьць вачэй ды пыхлівасьць жыцьця, - не ад Айца, але ад сьвету.
17. І сьвет мінае, і пажаданьні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна.
Беражыцеся антыхрыста
18. Дзеткі, ужо апошняя гадзіна; і, як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час паявілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаем, што ўжо апошняя гадзіна.
19. Выйшлі яны з нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што ня ўсе яны з нас.
20. Але вы атрымалі намашчэньне ад Сьвятога, і вы ўсе гэта ведаеце.
21. Я вам напісаў не як няведаючым праўды, але як ведаючым яе, бо ніякая хлусьня ня можа ўзьнікнуць з праўды.
22. Хто ж тады брахун, калі ня той, хто пярэчыць, што Езус ёсьць Хрыстос? Той ёсьць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына.
23. Кожны, хто не прызнае Сына, ня мае таксама і Айца; а хто прызнае Сына, той мае і Айца.
24. Вы вось зьберажыце ў сабе тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што чулі вы ад пачатку, захаваеце, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу.
25. І абяцаньне, якое Ён нам даў, ёсьць жыцьцё вечнае.
26. Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.
27. І намашчэньне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і ня трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Ягонае намашчэньне вучыць вас усяго, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім.
28. Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мелі ў Ім надзею, ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі сораму.
Жыць як дзеці Божыя
29. Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто спаганяе справядлівасьць, з Яго нарадзіўся.
|