01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31
8 Ці ня гукае мудрасьць а кемнасьць, ці ня пушчае голасу свайго? 2 Яна стаіць на версе высокіх месцаў, ля дарогі, на ростанях; 3 Яна гукае ля брамаў, ля ўходу ў места, ля ўходу ў дзьверы: 4 „Да вас, людзі, я гукаю, і голас мой да сыноў людзкіх. 5 Уцямце, неразумныя, добры розум, і, дурныя, уцямце разважнасьць. 6 Слухайце, бо я буду гукаць дабрароднае, і адчыненьне вуснаў маіх - пасьцівасьць; 7 Бо праўду вымаве паднябеньне мае, і агіда - нягоднасьць вуснам маім; 8 Справядлівыя ўсі казані вуснаў маіх; нямаш ў іх крутні ані ашукі; 9 Усі яны ясныя цемячаму і пасьцівыя тым, што знаходзяць веду. 10 Прыйміце навуку маю, а ня срэбра, і валей веду, як выборнае золата; 11 Бо лепшая мудрасьць за рубіны, і ўсе жаданае не зраўнуецца зь ёю. 12 Я, мудрасьць, жыву з розумам і веду добрага розуму знаходжу. 13 Баяцца СПАДАРА - ненавідзіць ліха: ненавіджу гордасьць а пыху а благую дарогу а ізрадлівыя вусны. 14 У мяне рада й добры розум; я кемнасьць, і ў мяне сіла; 15 Імною гаспадарствуюць каралі, і князі ўстанаўляюць уставы справядлівасьці; 16 Імною начэльнікі радзяць і ўсі дабрародныя судзьдзі зямлі. 17 Я люблю любячых мяне, і хто шукае мяне, той знойдзе мяне. 18 Багацьце а слава з імною, меньне кажначаснае а праўда; 19 Лепшыя плады мае за чыстае золата, за золата найчыстшае, і прыбытку зь мяне болей, чымся з выборнага срэбра. 20 Я йду дарогаю справядлівасьці, пасярод сьцежкаў суду, 21 Каб любячым мяне даць на спадак дабро і скарбніцы іхныя напоўніць.
22 СПАДАР меў мяне на пачатку дарогі Свае, перад справамі Сваімі, здаўна; 23 Я была ўстаноўлена спрадвеку, спачатна, раней за быцьцё зямлі. 24 Я радзілася, як ня было бяздоньняў, як ня было жаролаў, поўных вады; 25 Я радзілася раней, чымся горы былі ўстаноўлены, раней за ўзгоркі, 26 Як яшчэ ня была ўчынена зямля, ані раўніны, ані спачатныя пылкі сьвету. 27 Як Ён гатаваў нябёсы, я там, як Ён рысаваў круг над бяздоньням, 28 Як Ён устанаўляў булакі ўгары, як мацніў жаролы бяздоньня, 29 Як даваў мору загаду Сваю, каб воды ня выступалі з расказаньня Ягонага, як Ён клаў поды зямлі, - 30 Тады я была пры Ім мастачкаю, і была кажны дзень весялосьцяй, заўсёды 31 Цешачыся на заселенай часьці зямлі Ягонай, і любата мая із сынамі людзкімі.
32 ,,Дык цяпер, сынове, паслухайце мяне, бо шчасьлівыя заховуючыя дарогі мае; 33 Паслухайце навукі, і будзьце мудрыя, і не адхінайце яе. 34 Шчасьлівы чалавек, што слухае мяне, кажнага дня сьцеражэць у брамах маіх, вартуе вушакі дзьвярэй маіх; 35 Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і адзяржыць зычлівасьць ад СПАДАРА; 36 Але хто грэша супроці мяне, шкодзе душы сваёй; усі, ненавідзячыя мяне, любяць сьмерць".
|