01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13
2
1. Я пастанавіў сабе, каб не ісьці да вас зноў у смутку,
2. бо калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі ня той, хто быў мною засмучаны?
3. І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належалася б радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасьць таксама вашая (радасьць).
4. Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са сьлязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я да вас.
5. Калі хто стаўся прычынай смутку, то не мяне (толькі) засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.
6. Такому хопіць кары, вызначанай большасьцю,
7. так што лепш выпадае такому дараваць ды пацешыць, каб церазмерная згрызота яго не ахапіла.
8. Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.
9. Бо з гэтаю мэтаю я пісаў, каб вас выпрабаваць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
10. Каму вы дароўваеце, таму і я; бо і я, калі каму прабачыў, дык прабачыў дзеля вас ад імя Хрыста,
11. каб ня зьвёў нас шатан, бо подступы яго добра нам вядомыя.
12. Калі я прыбыў у Трааду вясьціць Эвангельле Хрыстовае, і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,
13. дух мой ня меў супакою, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я разьвітаўся з імі і падаўся ў Македонію.
Абарона апостальскай улады
Годнасьць апостальскага пакліканьня
14. Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысьце заўсёды, ды праз нас усюды выяўляе пах пазнаньня свайго.
15. Мы вось мілы Богу пах Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўленьня, і сярод тых, што ідуць на загубу:
16. для адных - пах труючы на сьмерць, а для другіх -пах жыцятворны на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
17. Мы бо не фальшуем Слова Божага як многія, але вясьцім шчырым сэрцам, як ад Бога на віду Бога ў Хрысьце.
|