Навукі для вучняў
17 РАЗЬДЗЕЛ.
1 І сказаў да сваіх вучняў: Немагчыма, каб ня прыйшлі згаршэньні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. 2 Карысьней яму было-б, каб млынавы камень павесіць яму за шыю і ўкінуць яго ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з гэтых малых
3 Зьвярнеце ўвагу на сябе. Калі-б саграшыў проціў цябе брат твой, напамінай яго; а калі-б пакаяўся, адпусьці яму. 4 І калі-б сем разоў у дзень саграшыў проціў цябе і сем разоў у дзень зьвярнуўся да цябе, кажучы: "Каюся", адпусьці яму.
5 І сказалі апосталы Пану: Павяліч нам веру. 6 І сказаў Пан: Калі-б вы мелі веру, як гарчычнае зерне, сказалі-б гэтаму марвоваму дзераву: "Выкараніся і перасадзіся ў мора", і паслухае вас.
7 А хто з вас, маючы аручага або пасучага слугу, сказаў-бы яму, калі ён вярнуўся з поля: "Ідзі зараз, садзіся за стол"; 8 а не сказаў-бы яму: "Прыгатуй мне вячэраць, і апаяшыся, і паслугуй мне, пакуль я зьем і вып'ю, а потым ты будзеш есьці і піць"? 9 Ці-ж дзякуе ён слузе гэнаму, што зрабіў тое, што яму быў загадаў? Ня думаю. 10 Так і вы, калі зробіце ўсё, што вам было загадана, кажэце: "Мы слугі бязвартасныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць".
Аздараўленьне дзесяцёх пракажаных
11 І сталася, калі ішоў у Ерузалім, праходзіў пасярод Самарыі і Галілеі. 12 І калі ўваходзіў у вадно мястэчка, перанялі яго дзесяць пракажаных чалавек, каторыя сталі здалёку 13 і паднялі голас, кажучы: Езусе, Вучыцель, зжалься над намі! 14 Убачыўшы іх сказаў: Ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаны. 15 Адзін-жа з іх, як убачыў, што быў ачышчаны, вярнуўся, вялікім голасам славячы Бога: 16 і ўпаў на твар ля ног ягоных, дзякуючы; а гэта быў самаранін. 17 І адказваючы Езус сказаў: Ці-ж ня дзесяць ачышчаных, а дзе ёсьць дзевяць? 18 Не знайшоўся, хто-б вярнуўся і аддаў хвалу Богу, апроч гэтага чужынца. 19 І сказаў яму: Устань, ідзі, бо вера твая цябе аздаравіла.
11 Гэта была ўжо апошняя падарожа Езуса ў Ерузалім перад ягонай сьмерцяй.
12 Пракажаныя сталі здалёк, бо права забараняла пракажаным прыбліжацца да здаровых. Аб праказе гл. Мт. 8, 2.
18 Прыйшоў падзякаваць Хрысту толькі пагарджаны самаранін, а жыды аздароўленыя ня прыйшлі. Хрыстус выгаварвае гэту няўдзячнасьць людзкую.
Аб каралеўстве Божым і прыходзе Сына чалавечага
20 Спытаны-ж фарызэямі, калі прыйдзе каралеўства Божае, адказваючы ім, сказаў: Ня прыходзіць каралеўства Божае з відавочнасьцяй, 21 і ня скажуць: "вось тут", або "вось там". Бо вось каралеўства Божае паміж вас ёсьць.
22 І сказаў да сваіх вучняў: Прыйдуць дні, калі будзеце жадаць відзець адзін дзень Сына чалавечага, і ня ўвідзіце. 23 І будуць вам казаць: "Вось тут" і "вось там". Ня ідзеце і не прыставайце да іх. 24 Бо як маланка, бліснуўшы з-пад неба, асьвячае тое, што пад небам ёсьць, так будзе Сын чалавечы ў дзень свой. 25 Але перш тэба яму многа цярпець і быць узгарджаным ад гэтага роду.
26 А як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына чалавечага: 27 елі і пілі, жанкі бралі і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель; і прыйшоў патоп і загубіў усіх. 28 Таксама як сталася ў дні Лота: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будаваліся; 29 а ў день, у каторы Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь і серка і выгубіў усіх. 30 Паводле гэтага будзе ў дзень, у каторы аб'явіцца Сын чалавечы.
31 У тую часіну хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзіць узяць іх; а хто на полі, няхай таксама не варочаецца назад. 32 Помніце аб жонцы Лота. 33 Хто-б стараўся захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго; а хто-б загубіў яго, ажывіць яго. 34 Кажу вам, у тую ноч будзе двох на аднэ пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены; 35 дзьве будуць мелючы разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена; двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены. 36 Адказваючы сказалі яму: Дзе, Пане? 37 Ён сказаў ім: Дзе-колечы будзе цела, там зьбяруцца і арлы.
----------------------------------
Р. 17
1 Людзкая слабасьць, абставіны жыцьця, дрэнны прыклад, спакушэньні ад злога духа - гэта ёсьць прычыны, дзеля каторых згаршэньні на гэтым сьвеце мусяць прыйсьці, аднак гора тым, хто ёсьць прычынай згаршэньня. Гл. Мт. 18, 7.
9 Абавязкам слугі ёсьць служыць свайму пану да канца і ўсюды - і за гэтае звычайнае служэньне не належыцца яму ніякая асаблівая нагарода.
10 Панам нашым ёсьць Бог, а мы слугі, і калі мы споўнім нашы абавязкі перад Богам, мы ня зробім нічога надзвычайнага, а зробім тое, што павінны былі зрабіць. Служба Богу ёсьць большым абавязкам, чым служба чалавеку.
21 "Паміж вас ёсьць" значыць, што Хрыстус і апосталы, як відомае каралеўства Божае, былі паміж жыдоў, а паміма гэтага жыды гэтага каралеўства не заўважылі.
22 "Адзін дзень" г. зн. той дзень, калі Сын чалавечы прыйдзе судзіць жывых і ўмерлых. Хоць апосталы і вучні ў часе прасьледу будуць жадаць прыходу Сына чалавечага, то гэтае жаданьне не станецца, бо ў Бога іншыя намеры.
24 Прыход Сына чалавечага на апошні суд будзе раптоўны і неспадзяваны, як блыск маланкі.
26 "У дні Сына чалавечага" - гэта значыць, у дні суду.
31 Тады непатрэбная ўжо будзе ніякая рэч.
32 Жонка Лота, выходзячы з Садому, аглянулася, каб паглядзець на гінучы горад і сама згінула.
34 З аднэй сям'і адзін будзе "ўзяты" г. зн. збаўлены, а другі "пакінены" г. зн. асуджаны на вечнае мучэньне.
36 Вучні не зразумелі гэтых слоў, дык пытаюцца: дзе будзе пакінены, куды ўзяты?
37 Гл. Мт. 24, 28.
|