Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні апосталаў


 

 

Дзеяньні апосталаў

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27
– 28

 

9

Навярненьне Саўла

1. Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасьвятара

2. і прасіў у яго лістоў да сынагогаў у Дамашку, каб, калі там знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, вязьніць і дастаўляць у Ерузалім.

3. І ў дарозе, калі ўжо набліжаўся да Дамашку, раптам агарнула яго сьвятло з неба,

4. і, падаючы на зямлю, пачуў голас, кажучы яму: "Саўл, Саўл, чаму Мяне перасьледуеш?"

5. Ён спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Пачуў голас: "Я - Езус, каторага ты перасьледуеш!

6. Але ўстань і ідзі ў горад, і там скажуць табе, што маеш рабіць".

7. Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога ня бачылі.

8. Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыў вочы, але нічога ня бачыў. Дык завялі яго ў Дамашак, трымаючы за руку.

9. І тры дні ня бачыў, ня еў і ня піў.

10. У Дамашку пражываў адзін вучань, імем Ананія, і сказаў яму Госпад у зьяве: "Ананія!" Ён адказаў: "Вось я, Госпадзе".

11. Госпад кажа яму далей: "Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарсу. Ён вось моліцца,

12. ды ў зьяве ўбачыў чалавека, імем Ананія, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён зноў бачыў".

13. Ананія адказаў: "Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў сьвятым Тваім ў Ерузаліме.

14. І тут ён мае ўладу ад першасьвятароў вязьніць усіх прызываючых імя Тваё".

15. Але Госпад сказаў яму: "Ідзі, бо выбраў Я гэтага чалавека як пасудзіну, каб занесьці імя Маё паганам, каралям і сынам Ізраэля.

16. І Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго".

17. І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом ды, усклаўшы рукі на яго, казаў: "Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Езус, каторы аб'явіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, каб ты бачыў ды быў напоўнены Духам Сьвятым".

18. І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён праглянуў. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,

19. і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён быў з вучнямі ў Дамашку.

Першыя крокі Саўла пасьля навярненьня

20. І зараз жа стаў абвяшчаць у сынагогах Езуса, што Ён - Сын Божы.

21. І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня той самы, што ў Ерузаліме перасьледаваў тых, каторыя прызывалі гэтае імя, і ці не па тое прыбыў сюды, каб, увязьніўшы іх, весьці да першасьвятара?"

22. А Саўл тым адважней выступаў, даводзячы, што гэта Хрыстос, чым бянтэжыў Юдэяў, пражываючых у Дамашку.

23. Па нейкім часе Юдэі змовіліся забіць яго,

24. але Саўл даведаўся пра іх намеры. А яны днём і ноччу пільнавалі брамаў, каб яго забіць.

25. І вучні ноччу спусьцілі яго ў кашы праз мур ды выправілі.

26. Калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён вучань.

27. Толькі Барнаба ўзяў яго і прывёў да апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе Саўл убачыў Госпада, і што (Госпад) сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамашку ў імя Езуса.

28. Дзякуючы таму прабываў з імі ў Ерузаліме, сьмела навучаючы ў імя Госпада.

29. Гутарыў таксама і спрачаўся з Геленістамі. Яны ж цікавалі, каб яго забіць.

30. Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю, а адтуль выправілі ў Тарс.

31. Тым часам Царква цешылася супакоем ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і ў пацяшэньні Духа Сьвятога памнажалася.

Цуды Пятра

32. Здарылася, што Пётар, наведваючы ўсіх, дабраўся і да сьвятых, каторыя пражывалі ў Ліддзе.

33. Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спараліжаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.

34. Сказаў яму Пётар: "Энэй, Езус Хрыстос цябе аздараўляе. Падыміся і засьцялі сабе". І ён адразу ўстаў.

35. І бачылі яго ўсе жыхары Лідды і Сарону, і навярнуліся да Госпада.

36. А пражывала ў Ёппе адна вучаніца, імем Табіта, значыць Доркас (Сарна). Яна была поўная добрых учынкаў і дарэньняў, якія рабіла.

37. Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла. Яе памылі ды палажылі ў сьвятліцы.

38. А як Лідда ёсьць недалёка ад Ёппы, дык вучні, даведаўшыся, што там знаходзіцца Пётар, паслалі да яго двух пасланцоў з просьбаю: "Прыйдзі да нас, не марудзь!"

39. І Пётар, устаўшы, пайшоў з імі; і калі прыйшлі, завялі яго ў сьвятліцу і акружылі яго там удовы, паказваючы яму з плачам вопраткі і адзеньне, якія зрабіла Доркас, калі яшчэ жыла з імі.

40. І, выправіўшы ўсіх, Пётр упаў на калені ды маліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: "Табіта, устань!" І яна адчыніла вочы свае ды, убачыўшы Пятра, села.

41. Пётар жа падаў ёй руку ды падняў яе, затым пазваў сьвятых і ўдоў, і паказаў яе ім жывую.

42. І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй Ёппе, і многія ўверылі ў Госпада.

43. І яшчэ многа дзён пражываў Пётар у Ёппе ў нейкага гарбара Сымона.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст