01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
6
Пачатак місійнай дзейнасьці Царквы
Выбар дыяканаў
1. У тыя дні, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Геленісты наракаць на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні іхнія удовы былі крыўджаны.
2. Тады Дванаццаць, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі ім: "Не выпадае нам пакінуць Слова Божае і заняцца абслугай сталоў.
3. Таму вось, браты, нагледзьце з-паміж сябе сем мужоў, маючых добрае сьведчаньне і поўных Духа і мудрасьці, якім мы даручым гэтую работу.
4. А мы ўсьцяж будзем на малітве і паслузе слова".
5. І спадабалася гэтае слова ўсім сабраўшымся, і выбралі Сьцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіппа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая, Антыяхійца, прзэліта,
6. і паставілі іх перад апосталамі, каторыя, молячыся, усклалі на іх рукі.
7. І Слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая грамада сьвятароў уверыла.
Дзейнасьць Сьцяпана
8. Сьцяпан жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.
9. Тады падняліся некаторыя з сынагогі, званай Лібэртынскай і з Цырэнэйскай ды з Александрыйскай, ды тыя, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, і спрачаліся са Сьцяпанам.
10. І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасьці і Духа, у якім ён прамаўляў.
11. Тады падбілі яны людзей, каторыя казалі: "Мы чулі, як ён казаў блюзьнерствы на Майсея і Бога".
12. І ўзбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў. Яны, зьбегшыся, схапілі яго і завялі ў Раду.
13. І паставілі там фальшывых сьведкаў, каторыя сьведчылі: "Гэты чалавек не перастае гаварыць супраць гэтага сьвятога месца ды супраць закону.
14. Бо мы чулі, як ён казаў, што Езус Назарэец зруйнуе гэтае месца і пазьмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей".
15. І ўсе, што засядалі ў Радзе, прыглядаліся яму пільна і бачылі твар ягоны, як воблік анёла.
|