01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
24
Павал перад судом Фэлікса
1. Па пяці днях прыбыў першасьвятар Ананія з некалькімі старшынямі і з нейкім рытарам Тэртулам, і ўручылі намесьніку абвінавачваньне супраць Паўла.
2. І калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць: "Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакою, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народу,
3. найдастойнейшы Фэлікс! І мы ўсюды ды заўсёды прыймаем гэта з вялікай удзячнасьцю.
4. А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна хоць хвіліну паслухаў.
5. Мы знайшлі, што гэты чалавек - правадыр сэкты Назарэйцаў, сее заразу і выклікае бунты сярод Юдэяў ва ўсім сьвеце,
6. які нават адважыўся спаганіць сьвятыню, дык мы яго ўзялі і хацелі судзіць па нашых законах.
7. Але прыбег трыбун Лізі і з вялікім гвалтам вырваў яго з рук нашых, і загадаў абвініцелям ягоным ісьці да цябе.
8. Дык выслухаўшы яго, ты сам зможаш даведацца пра ўсё, у чым мы яго вінавацім".
9. І Юдэі падцьвердзілі, што справа гэтак маецца.
10. Калі намесьнік даў знак Паўлу гаварыць, ён сказаў: "Ведаю, што ты ад многіх гадоў яўляешся суддзёю гэтага народу, таму сьмела выступлю ў сваёй абароне.
11. Можаш пераканацца, што я ня больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім пакланіцца Богу.
12. І ані ў сьвятыні, ані ў сынагозе, ані ў горадзе ня бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падымаў бунт.
13. Яны ня могуць давесьці табе тога, у чым цяпер вінавацяць.
14. Да таго вось прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў маіх, веручы ва ўсё, што напісана ў Законе ды ў Прарокаў,
15. маючы таксама ў Богу надзею, якую і яны маюць, што будзе ўваскрасеньне справядлівых і несправядлівых.
16. Таму і сам стараюся заўсёды мець чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.
17. Па многіх гадах явіўся я з міласьцінамі ды ахвярамі для майго народу,
18. і на гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні без натоўпу ды без заварухі
19. некаторыя Юдэі з Азіі. Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць перад табой, калі маюць нешта супраць мяне.
20. А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ў-ва мне на судзе ў Радзе.
21. Xіба толькі дзеля таго, што, стоячы між іх, закрычаў у голас: Судзіце мяне сёньня дзеля веры ў уваскрасеньне памёршых".
22. Фэлікс, добра разьбіраючыся, што гэта за дарога, адлажыў іх справу, кажучы: "Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лізі".
23. І загадаў сотніку пільнаваць яго і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з прыяцеляў яго служыць яму.
Вастрог у Цэзарэі
24. Па некалькі днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзіляй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла, ды слухаў яго аб веры ў Езуса Хрыста.
25. Але калі Павал стаў гаварыць пра справядлівасьць і пра ўстрыманасьць, ды пра будучы суд, Фэлікс, напалоханы, сказаў: "Цяпер даволі, можаш ісьці; калі буду мець час, паклічу цябе зноў".
26. Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўла грошы, дык таму часта пасылаў па яго і гутарыў з ім.
27. Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцы Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўла ў вязьніцы, хочучы аказаць ласку Юдэям.
|