01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
3
Жыцядайная вада
Размова з Мікодымам
1. Між фарысэяў быў чалавек, імем Мікодым, начальнік Юдэйскі.
2. Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з ім".
3. Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Каралеўства Божага".
4. Сказаў яму Мікодым: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?"
5. Адказаў Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і з Духа, ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
6. Тое, што нарадзілася з цела, ёсьць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсьць дух.
7. Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: Трэба вам нарадзіцца нанова.
8. Дух дзьме, куды хоча, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць. Таксама з кожным, хто з Духа нарадзіўся".
9. Дык спытаўся Мікодым: "Як можа гэта стацца?"
10. Сказаў яму Езус у адказ: "Ты - вучыцель Ізраэля і ня ведаеш гэтага?
11. Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы кажам тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але сьведчаньня нашага не прыймаеце.
12. Калі казаў вам пра зямныя рэчы, і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра нябесныя?
13. Ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Той, хто зыйшоў з неба, Сын Чалавечы.
14. І як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15. каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае.
16. Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.
17. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
18. Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19. А суд такі, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.
20. Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не выявіліся яго ўчынкі.
21. А кожны, хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу былі ўчынены".
Паўторнае сьведчаньне Яна Хрысьціцеля
22. Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі сваімі ў зямлю Юдэйскую і там, прабываючы з імі, хрысьціў.
23. І Ян таксама хрысьціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і прыймалі хрост;
24. бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
25. І ўзьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.
26. Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: "Раббі, вось жа Той, што з табой быў за Ярданам і пра якога ты сьведчыў, вось Ён хрысьціць, ды ўсе ідуць да Яго".
27. А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28. Вы самі можаце засьведчыць, што я вам сказаў: Я не Хрыстос, але пасланы перад Ім.
29. Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца з голасу жаніха. І гэтая радасьць мая споўнілася.
30. Ён мае расьці, а я - малець.
31. Хто прыходзіць з высока, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі.
32. Ён сьведчыць аб тым, што чуў і бачыў, і сьведчаньня Яго ніхто ня хоча прыймаць.
33. А хто прыняў Яго сьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог праўдамоўны.
34. Бо Той, каго Бог паслаў, абвяшчаеслова Божае, бо ня мераючы Бог дае Духа.
35. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.
36. Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім".
|