Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Яна


 

 

Эвангельле паводле Яна

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21

 

21

Зьяўленьне Езуса вучням каля мора Тыбэрыядзкага

1. Далей аб'явіўся зноў Езус вучням каля мора Тыбэрыядскага. А аб'явіўся ім так:

2. Былі сабраўшыся разам Сымон Пётар і Тамаш, званы Дыдымас, Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і два іншых з вучняў Ягоных.

3. Сказаў ім Сымон Пётар: "Іду лавіць рыбу". Кажуць яму: "І мы пойдзем з табой". Дык пайшлі, селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.

4. А калі настала раніца, явіўся Езус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Езус.

5. Сказаў ім затым Езус: "Дзеці, ці маеце што есьці?" Адказалі яму : "Не".

6. Дык сказаў ім: "Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце". Закінулі тады, і дзеля мноства рыбы ледзь маглі выцягнуць сетку.

7. Тады той вучань, каторага любіў Езус, сказаў Пятру: "Гэта ж Госпад!" Дык Сымон Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, адзеў вопратку, бо быў голы, і кінуўся ў мора.

8. Іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берагу, каля дзьвесьце стадыяў, цягнучы сетку з рыбамі.

9. А калі выйшлі на сухмень, убачылі распаленае вогнішча і лежачую на іх рыбу і хлеб.

10. Кажа ім Езус: "Прынясеце тыя рыбы, што цяпер налавілі".

11. Дык пайшоў Сымон Пётар, выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць было так шмат, сетка не парвалася.

12. Кажа ім Езус: "Хадзіце і ешце". Але ніхто з седзячых не адважыўся спытацца: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад.

13. Езус падыйшоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.

14. Гэта ўжо трэці раз аб'явіўся Езус вучням сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.

Улада Пятра

15. Дык калі яны наеліся, кажа Езус Сымону Пятру: "Сымон, Ёнаў, ці любіш Мяне больш, чым гэтыя?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".

16. Паўторна пытаецца ў яго: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае".

17. І пытаецца ў яго трэці раз: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Засмуціўся Пётар, што ўжо трэці раз пытаецца ў яго: "Ці любіш ты Мяне?", дык сказаў Езусу: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае.

18. Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі ты быў малады, падпаясваўся сам і хадзіў, дзе хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, ды хто іншы цябе падпаяша, і павядзе туды, куды ты не захочаш".

19. А гэта сказаў, паказваючы, якою ён сьмерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: "Ідзі за Мной!"

Лёс улюбленага вучня

20. Пётар, аглянуўшыся, убачыў таго вучня, якога Езус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуліўшыся быў да грудзей Езуса і пытаўся: "Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдасьць?"

21. Вось, убачыўшы яго, Пётар пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а з гэтым што будзе?"

22. Сказаў яму Езус: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной".

23. Разыйшлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Езус не сказаў: "Не памрэ", а толькі: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго!"

Заканчэньне

24. Дык вось той вучань сьведчыць пра гэта ды напісаў гэта, і ведаем, што сьведчаньне яго праўдзівае.

25. Многа яшчэ іншага ўчыніў Езус, але каб усё запісаць, дык, думаю, не зьмясьціў бы ўвесь сьвет кнігаў, каторыя мелі б быць напісаны.


Папярэдняя старонка | Старонка 21 з 21
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст