01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
18
Езус перад сваімі суддзямі
Спайманьне Езуса
1. Сказаўшы гэта, Езус з вучнямі сваімі пайшоў за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі сваімі.
2. Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Езус часта туды хадзіў са сваімі вучнямі.
3. Затым Юда, узяўшы кагорту (жаўнераў) і слугаў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыйшоў туды з лятарнямі, сьветачамі і аружжам.
4. А Езус, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"
5. Адказалі Яму: "Езуса з Назарэту". Кажа ім Езус: "Гэта Я ёсьць". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
6. Калі сказаў ім (Езус): "Гэта Я ёсьць", яны адступіліся назад ды ўпалі на зямлю.
7. Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".
8. Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я ёсьць. Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсьці",
9. каб споўнілася слова, якое быў Ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў".
10. Сымон жа Пётар, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхос.
11. Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у похвы. Ці ж Я ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"
Езус у Анны і Каяфы
12. Тады кагорта, і трыбун, ды слугі Юдэйскія ўзялі Езуса і зьвязалі Яго,
13. і прывялі Яго перш да Анны, бо быў цесьцем Каяфы, які быў таго года першасьвятаром.
14. Гэта той Каяфа, які даў параду Юдэям: "Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ".
15. А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасьвятаром, і таму ўвайшоў з Езусам на панадворак першасьвятара.
16. Пётар жа застаўся навонкі пры дзьвярах. Выйшаў тады другі вучань, які ведаў першасьвятара, пагаварыў з прыдзьверніцай, ды ўвёў Пятра.
17. Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і ня ты з вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "Не".
18. Там стаялі нявольнікі і слугі, якія распалілі вогнішча, бо было холадна, і грэліся. А разам з імі быў і Пётар, стоячы і грэючыся.
19. Першасьвятар жа пытаўся ў Езуса пра вучняў Ягоных і навуку Яго.
20. Адказаў яму Езус: "Я яўна гаварыў сьвету, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.
21. Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў; вось яны ведаюць, што Я ім казаў".
22. Калі гэта сказаў, дык адзін з слугаў, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш першасьвятару?"
23. Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"
24. Затым адаслаў Яго Анна зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
Вырачэньне Пятра
25. А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Не!"
26. Дык адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, катораму Пётар адсёк вуха, сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"
27. Ды Пётр зноў запярэчыў; і зараз засьпяваў певень.
Езус перад Пілатам
28. Затым павялі Езуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.
29. Выйшаў да іх Пілат і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"
30. Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў злачынцам, ня выдалі б Яго табе".
31. Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго паводле вашага закону". Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",
32. каб споўнілася слова Езуса, сказанае ім, якою сьмерцю меў памерці.
33. Дык увайшоў (Пілат) зноў у прэторыю, і, пазваўшы Езуса, спытаўся ў Яго: "Ты - кароль Юдэйскі?"
34. Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта пра Мяне?"
35. Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ Твой і першасьвятары выдалі мне Цябе. Што Ты нарабіў?"
36. Адказаў Езус: "Маё каралеўства ня з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў Я выдадзены Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не адгэтуль".
37. Сказаў Яму тады Пілат: "Дык Ты - Кароль?" Адказаў Езус: "Ты кажаш, што Я - Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".
38. Кажа Яму Пілат: "Што ёсьць праўда?" І, гэта сказаўшы, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
39. У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля Юдэйскага?"
40. Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.
|