01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
15
Ушчэп вінаградны
1. Я ёсьць праўдзівы вінаградны ушчэп, а Айцец Мой - вінаградар.
2. Усякую галінку, якая ў-ва Мне не прыносіць плоду, Ён адсякае, а тую, што прыносіць плод, ачышчае, каб болей прыносіла плоду.
3. Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
4. Будзьце ў-ва Мне, і Я - у вас. Як галінка ня можа пладаваць сама з сябе, калі ня будзе на вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне.
5. Я - вінаградны ўшчэп, а вы - галіны. Хто прабывае ў-ва Мне, і Я - ў ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы ня можаце нічога зрабіць.
6. Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і падбяруць яе, і кінуць у агонь, і там згарыць.
7. Калі будзеце ў-ва Мне, і словы Мае ў вас, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.
8. У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плоду прынясіцё ды станецеся Маімі вучнямі.
9. Як Мяне ўзьлюбіў Айцец, так і Я ўзьлюбіў вас. Трывайце ў Маёй любові.
10. Калі зьберажэце Мае прыказаньні, вытрываеце ў Маёй любові, як і Я зьбярог прыказаньні Айца Майго і трываю ў Яго любові.
11. Гэта Я вам сказаў, каб радасьць Мая была ў вас, ды каб радасьць ваша была поўнай.
Сяброўства з Езусам
12. Гэта вось Маё прыказаньне, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я узьлюбіў вас.
13. Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх сяброў.
14. Вы - сябры Мае, калі спаўняць будзеце тое, што Я загадваю вам.
15. Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны. А Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, пераказаў вам.
16. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і давалі плод, ды каб ваш плод трываў, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
17. Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін другога.
Нянавісьць сьвету
18. Калі вас сьвет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зьневідзеў перш, чым вас.
19. Каб вы былі са сьвету, сьвет любіў бы тое, што яго; але вы не са сьвету, бо Я вас выбраў са сьвету, таму вас сьвет ненавідзіць.
20. Памятайце Мае словы, якія Я вам сказаў: Слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, дык і вас перасьледаваць будуць. А калі вы Маё слова зьбераглі, дык і вашае берагчы будуць.
21. А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, хто Мяне паслаў.
22. Калі б Я ня быў прыйшоўшы і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго грэху.
23. Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24. Калі б, будучы сярод іх, не чыніў даконаў, якіх не чыніў ніхто іншы, ня мелі б грэху, але ж цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Айца Майго.
25. Але, каб споўнілася слова, напісанае ў іхнім Законе: "Зьненавідзелі Мяне без прычыны".
26. А калі прыйдзе Пацяшыцель, якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, каторы ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сьведчыць будзе.
27. І вы (пра Мяне) сьведчыць будзеце, бо вы ад пачатку са Мною.
|