01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
5
Апанаваны дэманам у краі Геразэнскім
1. І пераплылі на другі бераг мора ў край Герацэнскі.
2. І калі выходзіў Езус з лодкі, адразу з магілаў да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,
3. які пражываў у магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
4. Бо зьвязаны і путамі, і ланцугамі, рваў часта ланцугі і разьбіваў путы, ды ніхто ня мог яго ўгамаваць.
5. І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і гарах крычаў ды біў сябе каменьнямі.
6. І, здалёк убачыўшы Езуса, прыбег і пакланіўся Яму,
7. крычучы моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Запрысягаю на Бога, каб мяне ня мучыў".
8. Бо Езус загадаў яму: "Выйдзі, духу нячысты, з чалавека".
9. І спытаў яго: "Якое тваё імя?" Ён сказаў: "Маё імя - легіён, бо нас многа".
10. Ды прасіў яго вельмі, каб не выганяў яго з гэтага краю.
11. А там на гарах пасьвілася дужа вялікае стада сьвіней.
12. І прасілі Яго ўсе нячыстыя духі: "Пусьці нас у сьвіней, каб маглі мы ў іх увайсьці".
13. І дазволіў ім Езус. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіні. І блізу двухтысячнае стада з вялікім імпэтам з касагору кінулася ў мора, і патанула ў моры.
14. Тыя ж, што пасьвілі яго, паўцякалі і абвясьцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
15. І прыйшлі да Езуса, ды, бачачы таго, што быў апанаваны ліхім, як ён сядзеў адзеты пры здаровым розуме, той, у якім быў легіён (дэманаў), спалохаліся.
16. І тыя, што бачылі расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра сьвіней.
17. Дык прасілі яны Езуса, каб адыйшоўся ад іх межаў.
18. І калі Езус уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны ліхім, каб ён мог застацца пры Ім.
19. Але Езус не прыняў яго і кажа яму: "Ідзі да твайго дому і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як пашкадаваў цябе".
20. І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполю, што ўчыніў яму Езус, і ўсе дзівіліся.
Аздараўленьне жанчыны, хворай на крывацечу
21. І калі пераправіўся Езус у лодцы на другі бераг, зыйшлася да Яго вялікая грамада, і Ён быў каля мора.
22. І прыбыў з імі адзін начальнік сынагогі імем Яір, і, убачыўшы Езуса, упаў Яму да ног,
23. і вельмі прасіў Яго, кажучы: "Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, каб паздаравела і жыла".
24. І Езус пайшоў за ім, і вялізарная грамада ішла за Ім, і націскала на Яго.
25. І адна жанчына, хворая на цячэньне крыві ад дванаццаці гадоў,
26. якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасьць выдала, але нічога ёй не дапамаглі, але яшчэ горш чулася,
27. калі пачула пра Езуса, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася Ягонага адзеньня,
28. бо яна казала: "Калі толькі дакрануся Яго адзеньня, паздаравею".
29. І зараз жа затрымалася крывацеча і адчула на целе, што паздаравела ад хворасьці.
30. І Езус адразу адчуў, што моц, што ў Ім была, выйшла з Яго. Дык зьвярнуўшыся да грамады, спытаўся: "Хто дакрануўся адзеньня Майго?"
31. Вучні Ягоныя казалі Яму: "Бачыш, як грамада цісьнецца, і пытаеш: Хто дакрануўся да Мяне?"
32. Але Ён паглядзеў кругом, каб пабачыць тую, каторая дакранулася Яго.
33. Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала ўсю праўду.
34. І Езус сказаў ёй: "Дачка! Вера твая аздаравіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй".
Уваскрашэньне дачкі Яіра
35. Калі яшчэ Езус гаварыў, прыходзяць да начальніка сынагогі людзі і кажуць: "Дачка твая памерла, пашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?"
36. Езус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: "Ня бойся, толькі мей веру".
37. І не дазволіў нікому ісьці за Ім, адно Пятру, Якубу і Яну, брату Якуба.
38. І прыходзяць у дом начальніка сынагогі, і бачаць трывогу, плач і галашэньне вялікае.
39. І, увайшоўшы, кажа ім: "Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але сьпіць".
40. І сьмяяліся з Яго. Езус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41. І, узяўшы за руку дзяўчынкі, кажа ёй: "Таліта кум", што значыць: "Дзяўчынка, табе кажу, устань!"
42. І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.
43. І загадаў ім моцна, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есьці.
|