01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
11
Езус у Ерузаліме
Урачысты ўезд у Ерузалім
1. Калі падыйшлі да Ерузаліму, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Езус пасылае двух з-пасярод вучняў сваіх
2. і кажа ім: "Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асьляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей ня езьдзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
3. І калі б вас хто спытаўся: "Што вы робіце?", скажыце: "Госпад яго патрабуе" і небавам адашле вам".
4. Пайшлі тады і знайшлі асьляня пры варотах навонкі, на вуліцы, і адвязалі яго.
5. Некаторыя са стаяўшых пыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьляня?"
6. А яны адказалі ім, як ім загадаў Езус, і пусьцілі іх.
7. І прывялі асьляня да Езуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Езус сеў на асьляня.
8. І многія клалі на дарозе сваё адзеньне, а іншыя галінкі з дрэваў, што расьлі ў полі.
9. І тыя, што ішлі наперадзе ды за Ім, крычалі: "Гасанна! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада!
10. Багаслаўлена каралеўства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!"
11. І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню; і агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з Дванаццацьма выйшаў у Бэтанію.
Бясплоднае дрэва фіговае
12. І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.
13. І калі здалёк ўбачыў дрэва фіговае, пакрытае лістотаю, падыйшоў, можа што на ім знойдзе. І калі падыйшоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.
14. Тады сказаў Ён дрэву: "Няхай ўжо ніколі ня есьць з цябе ніхто пладоў". І чулі гэта вучні Ягоныя.
Выгнаньне гандляроў са сьвятыні
15. І прыходзіць у Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
16. Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз сьвятыню.
17. І навучаў іх у гэтыя словы: "Няўжо не напісана: "Дом Мой - домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў"? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".
18. Пачуўшы гэта, першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.
19. А калі зьвечарэла, выйшлі з горада.
Вера і малітва
20. І, праходзячы нараніцы, убачылі дрэва фіговае ссохшым ад карэньняў.
21. Ды, прыпомніўшы, Пётар кажа Езусу: "Вучыцель, паглядзі, фіговае дрэва, што Ты пракляў, ссохла".
22. І Езус у адказ кажа ім: "Мейце веру Божую!
23. Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, збудзецца яму.
24. Таму кажу вам: Усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
25. І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, каторы ў небе, дараваў вам грахі вашыя.
26. Калі вы не даруеце, дык і Айцец ваш, каторы ў небе, не даруе вам грахоў вашых".
Пытаньне пра ўладу
27. І зноў прыходзяць ў Ерузалім. І калі Езус хадзіў па сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,
28. і запыталіся ў Яго: "Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?"
29. А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.
30. Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне".
31. Яны застанаўляліся і гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму тады не ўверылі?"
32. А калі скажам: Ад людзей, дык баімося народу", бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока".
33. І сказалі ў адказ Езусу: "Ня ведаем". І Езус у адказ ім кажа: "І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю".
|