01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
7
Аздараўленьне слугі сотніка
1. А калі скончыў усе свае словы навукі слухаючым яго людзям, накіраваўся ў Кафарнаўм.
2. А ў аднаго сотніка быў слуга, якога той вельмі цаніў, і быў моцна хворы, блізкі сьмерці.
3. Ён, пачуўшы пра Езуса, паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў слугу яго.
4. Калі яны прыйшлі да Езуса, шчыра прасілі Яго, кажучы: "Варты ён, каб гэта яму зрабіў,
5. бо ён любіць наш народ, нават паставіў нам сынагогу".
6. Дык Езус пайшоў за імі. А калі ўжо быў недалёка ад дому, паслаў сотнік сяброў сказаць: "Госпадзе, не турбуйся, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
7. Таму што і самога сябе ўважаю за нявартага прыйсьці да Цябе; але скажы слова і паздаравее слуга мой.
8. Бо і я - чалавек, маючы ўладу, маю пад сабой жаўнераў. Кажу гэтаму: "Ідзі", і ён ідзе, а іншаму: "Прыйдзі", і ён прыходзіць, і слузе свайму: "Рабі гэта", і ён робіць".
9. Езус, пачуўшы гэта, зьдзівіўся дзеля яго ды, зьвярнуўшыся да ідучых за Ім грамадой, сказаў: "Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлю!"
10. І тыя (пасланьнікі), вярнуўшыся дамоў, знайшлі слугу здаровым.
Уваскрашэньне юнака з Наім
11. Выпала, што пасьля ішоў (Езус) у горад, які называецца Наім, і з Ім ішлі вучні Ягоныя ды вялікі натоўп людзей.
12. А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі памёршага адзінага сына маці, каторая была ўдавой, ды мноства людзей з горада ішло з ёю.
13. Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: "Ня плач!"
14. Падыйшоў і дакрануўся насілкаў; а тыя, што несьлі, затрымаліся. І сказаў: "Юнача, кажу табе, устань!"
15. І сеў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго ягонай маці.
16. Дык усіх ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: "Вялікі прарок паўстаў сярод нас", ды: "Бог наведаў народ свой".
17. І разьнеслася слова гэтае па ўсёй Юдэі і па ўсёй вакалічнай краіне.
Пасланцы Яна Хрысьціцеля
18. І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэтае.
19. Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Госпада запытацца: "Ці Ты - Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"
20. Як толькі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: "Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: "Ці Ты - Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"
21. У той час Езус аздаравіў многіх ад хваробаў, і цярпеньняў, і ад ліхіх духаў ды многім сьляпым вярнуў зрок.
22. І ў адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і абвясьціце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім весьціцца Эвангельле,
23. і шчасьлівыя тыя, што з Мяне ня згоршацца".
Сьведчаньне Езуса пра Яна Хрысьціцеля
24. І калі адыйшліся пасланыя Янам, пачаў Езус гаварыць пра Яна да народу: "Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысьціну, хістаную ветрам?
25. Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што ў багатых адзеньнях ды ў раскошы жывуць, у дамах каралеўскіх знаходзяцца.
26. Ды што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
27. Ён той, аб кім напісана: "Вось жа пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".
28. Бо кажу вам: Між народжаных жанчынамі няма большага за Яна (Хрысьціцеля). Але найменшы ў Каралеўстве Божым большы за яго.
29. І ўвесь народ, які яго чуў, і мытнікі славілі Бога, хрысьцячыся хростам Янавым.
30. Фарысэі ж і законаведы ўзгардзілі намерам Божым што да сябе і не прынялі хросту ад яго.
Аб гуляючай дзятве
31. З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленьне людзей і да каго яны падобны?
32. Яны падобны да хлапчанят, седзячых на рынку, якія кажуць адны да другіх: "Сьпявалі мы вам, а вы ня танчылі, галасілі мы, а вы ня плакалі".
33. Прыйшоў Ян Хрысьціцель, і хлеба ня еў, і віна ня піў, і вы кажаце: "Дэмана мае".
34. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п'е, і вы кажаце: "Вось чалавек, абжора і п'яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".
35. І апраўдана мудрасьць усімі яе сынамі".
Пакутуючая грэшніца
36. Адзін фарысэй запрасіў Езуса да сябе на пасілак; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, сеў за стол.
37. І вось адна жанчына, каторая была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён сядзіць пры стале ў доме фарысэя, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,
38. ды, стануўшы ззаду каля ног Яго, пачала сьлязьмі абліваць ногі Ягоныя і абціраць валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Ягоныя і намашчала іх алейкам.
39. Бачачы гэта, фарысэй, што запрасіў Яго, падумаў у душы сваёй: "Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна - грэшніца".
40. І адказаў яму Езус: "Сымон, маю табе нешта сказаць". А ён кажа: "Вучыцелю, кажы".
41. "Нейкі пазычацель меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі - пяцьдзесят.
42. Калі ня мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык каторы з іх больш удзячны?"
43. Сымон у адказ сказаў: "Думаю, што той, катораму болей дараваў". А Езус сказаў яму: "Добра ты рассудзіў".
44. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: "Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі, а яна сьлязьмі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.
45. Ты Мне пацалунку ня даў, а яна, як толькі ўвайшла, не перастае цалаваць ногі Мае.
46. Не намасьціў ты галавы Маёй, а яна ногі Мае намасьціла алейкам.
47. Дзеля таго кажу табе: Адпушчаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзьлюбіла. А каму менш адпушчаецца, той менш і любіць".
48. Сказаў затым ёй: "Адпушчаюцца табе грахі".
49. Дык супачываўшыя разам з Ім сталі гаварыць між сабой: "Хто Ён, што нават грахі адпушчае?"
50. Затым сказаў Езус жанчыне: "Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".
|