01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
8
Цуды Езуса
Аздараўленьне пракажанага
1. Калі Езус зыйшоў з гары, вялікія грамады ішлі за Ім.
2. І вось жа пракажаны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: "Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
3. І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз быў ачышчаны ад праказы.
4. І сказаў яму Езус: "Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, загаданы Майсеем на сьведчаньне ім."
Аздараўленьне слугі сотніка
5. А калі Езус увайшоў у Кафарнаўм, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
6. кажучы: "Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спараліжаваны і дужа мучыцца".
7. Сказаў яму Езус: "Прыйду і аздараўлю яго".
8. А сотнік сказаў Яму: "Госпадзе, я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее слуга мой.
9. Бо і я - чалавек, маючы ўладу, і маю пад сабой жаўнераў. І так аднаму кажу: "Ідзі", і ён ідзе, і другому: "Прыйдзі", і ён прыходзіць; і свайму слузе: "Рабі гэта", і ён робіць".
10. Пачуўшы гэта, Езус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: "Сапраўды кажу вам, не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлю.
11. Затым кажу вам, што многія прыйдуць з Усходу і з Захаду, і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Каралеўстве Нябесным.
12. А сыны Каралеўства выкінуты будуць ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі".
13. І сказаў Езус сотніку: "Ідзі, і як уверыў, хай так станецца табе". І быў аздароўлены слуга ў тую ж гадзіну.
Іншыя цуды ў Кафарнаўме
14. А калі Езус зайшоў у дом Пятра, убачыў цешчу яго, лежачую ў гарачцы.
15. Дык дакрануўся яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна, падняўшыся, паслугавала ім.
16. Калі ж надыйшоў вечар, прыводзілі да Езуса шмат апанаваных ліхім, і Ён словам выганяў духі ды аздараўляў усіх, якія чуліся блага,
17. каб збылося сказанае прарокам Ісаям: "Ён узяў немачы нашыя і насіў хваробы нашыя".
Патрэба вырачэньняў
18. Езус, бачачы навакол сябе вялікія грамады, загадаў плысьці на другі бераг.
19. І вось падыйшоў да Яго адзін кніжнік і сказаў: "Вучыцелю, і я пайду за Табой дзе-колечы пойдзеш".
20. Сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прытуліць".
21. Іншы з вучняў Ягоных казаў Яму: "Госпадзе, адпусьці перш мяне пайсьці і пахаваць бацьку майго".
22. Але Езус сказаў яму: "Ідзі за Мной і пакінь памёршым хаваць сваіх памёршых.
Суцішэньне буры
23. І калі Езус увайшоў у лодку, за Ім ўвайшлі вучні Ягоныя.
24. І вось узьнялася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а Ён спаў.
25. Дык кінуліся да Яго вучні Ягоныя і абудзілі Яго, кажучы: "Госпадзе, ратуй нас, бо топімся!"
26. І сказаў ім: "Чаму вы так палахлівыя, малаверныя?" Затым, падняўшыся, загадаў ветрам і мору, і настала вялікае зацішша.
27. А людзі дзівіліся ды казалі: "Хто Ён, што вятры і мора Яго слухаюць?"
Аздараўленьне апанаваных дэманам
28. І калі пераплыў на другі бераг у краіну Гадарэнскую, перанялі Яго два апанаваныя ліхім, якія выходзілі з магілаў, і так страшныя, што ніхто ня мог праходзіць гэтаю дарогай.
29. І пачалі яны крычаць: "Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты перад часам мучыць нас?"
30. Недалёка ад іх пасьвілася вялікае стада сьвіней.
31. Дык ліхія духі прасілі Езуса і казалі: "Калі нас выганіш, дык дазволь нам увайсьці ў гэтае стада сьвіней". І сказаў ім: "Ідзіце!" Дык яны выйшлі і ўвайшлі ў сьвіней; і вось усё стада з імпэтам кінулася ў мора з касагора, і патанула ў вадзе.
32. Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі ўсё і аб тым, што сталася з апанаванымі дэманам.
33. Дык увесь горад выйшаў насустрач Езусу і, ўбачыўшы, прасілі Яго, каб адыйшоўся ад іхніх межаў.
|