01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
4
Пост і спакушаньне Езуса
1. Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
2. І, папасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.
3. Дык прыступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: "Калі Ты - Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб".
4. (Езус) у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых".
5. Затым пераносіць Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
6. і кажа Яму: "Калі Ты - Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагі Тваёй".
7. Езус сказаў яму: "Зноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".
8. Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу,
9. і кажа Яму: "Усё гэта аддам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне".
10. Тады Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш".
11. Тады пакінуў Яго д'ябал, і вось прыступіліся анёлы і служылі Яму.
Пачатак служэньня Езуса
Езус у Галілеі
12. Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, то перанёсься ў Галілею.
13. Затым, пакінуўшы горад Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме надморскім, на рубяжы плямён Забулёна і Нэфталі,
14. каб збылося прадказанае прарокам Ісаям, які казаў:
15. "Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская;
16. народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і седзячым у краі засеня сьмерці ўзыйшло сьвятло.
17. Адсюль пачаў Езус вучыць і казаць: Навяртайцеся, бо прыблізілася Каралеўства Нябеснае".
Пакліканьне першых вучняў
18. А калі Езус ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў - Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
19. І сказаў ім: "Хадзеце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
20. Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21. І, пайшоўшы адтуль, убачыў двух іншых братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Зэбэдэям, правілі сеткі ў лодцы, і паклікаў іх.
22. А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
Аздараўленьне хворых у Галілеі
23. І аыбходзіў Езус усю Галілею, і вучыў у сынагогах іх, і вясьціў Эвангельле Каралеўства, ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
24. І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, ды апанаваных ліхім, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
25. І хадзілі за Ім вялікія грамады з Галілеі, і з Дэкаполя, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.
|