01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
27
Езус выданы Пілату
1. А калі настала раніца, зыйшліся ўсе першасьвятары і старшыні народу на раду супраць Езуса, каб асудзіць Яго на сьмерць.
2. Затым, зьвязанага, завялі і перадалі Яго намесьніку Понцію Пілату.
Сьмерць Юды
3. Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён быў асуджаны, жалем праняты, аднёс трыццаць сярэбранікаў першасьвятарам і старшыням,
4. кажучы: "Саграшыў я, выдаючы кроў нявінную". А яны сказалі: "А што нам да таго? Гэта твая справа!"
5. І, кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў, пайшоў і павесіўся.
6. А першасьвятары, узяўшы сярэбранікі, казалі: "Нельга ісьці класьці іх у скарбону, бо гэта плата крыві".
7. І, параіўшыся, купілі за іх поле ганчара на хаваньне падарожных.
8. Таму тое поле аж да сёньняшняга дня завецца Полем крыві.
9. Тады зьдзейсьнілася сказанае прарокам Ярэміям, які казаў: "І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,
10. ды далі іх за поле ганчара, як мне загадаў Госпад".
Езус перад Пілатам
11. А Езус стаў перад намесьнікам; і спытаўся ў Яго намесьнік: "Дык Ты - Кароль Юдэйскі?" Сказаў яму Езус: "Ты гаворыш".
12. І калі Яго вінавацілі першасьвятары і старшыні, Езус нічога не адказваў.
13. Тады сказаў Яму Пілат: "Ня чуеш, колькі сьведчаньняў падаюць супраць Цябе?"
14. А (Езус) не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік дужа дзівіўся.
Езус адкінуты сваім народам
15. На дзень сьвяточны намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога хацелі б.
16. А меў тады вядомага вязьня, званага Барабай.
17. Калі ўсе сабраліся, спытаўся Пілат: "Каго хочаце, каб я вам пусьціў? Барабу, ці Езуса, якога завуць Хрыстом?"
18. Бо ведаў, што Езуса выдалі праз зайздрасьць.
19. Калі ён сядзеў на пасадзе судзёўскім, жонка ягоная паслала да яго пасланца, каб яму сказаць: "Не рабі зла гэтаму Справядліваму, бо я сёньня ў сьне многа цярпела дзеля Яго".
20. А першасьвятары і старшыні падбухторылі народ, каб дамагаліся Барабу, а Езуса загубілі.
21. Дык намесьнік спытаўся ў іх: "каторага з двух хочаце, каб я вам пусьціў?" Яны сказалі: "Барабу".
22. Кажа Пілат: "А што я маю зрабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?" Кажуць яму ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
23. Кажа ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а замяшаньне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам і сказаў: "Я не вінаваты у крыві гэтага Справядлівага. Гэта ваша справа".
25. А ў адказ увесь народ загаманіў: "Кроў Яго на нас і на нашых сынах".
26. Тады Пілат выпусьціў Барабу, а Езуса, убічаваўшы, аддаў на ўкрыжаваньне.
Цярновы вянок
27. Тады жаўнеры намесьніка ўзялі Езуса ў прэторыю і склікалі да Яго ўсю кагорту.
28. І, зьняўшы з Яго адзеньне, усклалі на Яго плашч з пурпуру
29. ды, сплёўшы карону з церняў, усклалі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку, і, кленчучы, зьдзекаваліся з Яго, кажучы: "Вітай, кароль Юдэйскі!"
30. І, плюючы на Яго, бралі трысьціну і білі Яго па галаве.
31. А калі ўжо назьдзекаваліся, зьнялі пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго адзеньне, і павялі на ўкрыжаваньне.
Езус на Гальгоце
Укрыжаваньне Езуса
32. Выходзячы, напаткалі чалавека з Цырэны, імем Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.
33. І прыйшлі на месца, званае Гальгота, што значыць Месца Чэрапа,
34. і далі Яму піць віно, зьмяшанае з жоўцю. А калі Яго пакаштаваў, не хацеў піць.
35. І, укрыжаваўшы Яго, дзялілі адзеньне Яго, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае прарокам: "Разьдзялілі між сабою адзеньне Маё, а аб сукні Маёй кінулі жэрабя".
36. І, седзячы, сьцераглі Яго там.
37. І над галавой Ягонай памясьцілі надпіс віны Яго: "Гэта Езус, Кароль Юдэйскі".
38. Тады укрыжавалі побач Яго двух разбойнікаў, аднаго па правым, а другога па левым баку.
Зьдзекі з укрыжаванага
39. Праходзячыя побач блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі
40. і кажучы: "Гэй Ты, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй сябе самога; калі Ты - Сын Божы, зыйдзі з крыжа!"
41. Першасьвятары з кніжнікамі падобна насьмяхаліся і казалі:
42. "Другіх ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа. Калі Ты - Кароль Ізраэля, зыйдзі з крыжа, і паверым табе.
43. Спадзяваўся на Бога, дык хай ратуе Яго цяпер, калі хоча Яго; казаў бо: "Я - Сын Божы".
44. Таксама разбойнікі, з ім укрыжаваныя, зьневажалі Яго.
Сьмерць Езуса
45. А ад гадзіны шостай усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.
46. І каля дзевятай гадзіны закрычаў Езус моцным голасам: "Элі, Элі, лема сабактані?", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?"
47. Дык некаторыя з стаяўшых там, чуючы гэта, казалі: "Гальяша кліча".
48. Дык адзін з іх адразу пабег і, узяўшы губку, памачыў у воцаце, усклаў на трысьціну і даў Яму піць.
49. Іншыя ж казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць Яго".
50. А Езус, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
Пасьля сьмерці Езуса
51. І вось заслона ў сьвятыні разарвалася на дзьве часткі зьверху ўніз, і зямля затрэслася, і скалы палопаліся,
52. і адкрыліся магілы, і многа цел паснуўшых сьвятых, паўстала,
53. і, выйшаўшы з магілаў, па ўваскрасеньні Яго, прыйшлі ў сьвяты горад і паказваліся многім.
54. Сотнік жа ды тыя, што з ім былі, вартуючы Езуса, убачыўшы трасеньне зямлі ды ўсё, што адбывалася, перапалохаліся дужа і казалі: "Сапраўды Ён быў Сын Божы".
55. Было там шмат жанчын, углядаючыхся здалёка, якія хадзілі з Езусам, пачынаючы з Галілеі, паслугоўваючы Яму.
56. Сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, дый матка сыноў Зэбэдэявых.
Пахаваньне Езуса
57. А калі настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы таксама быў вучнем Езуса.
58. Ён прыйшоў да Пілата і прасіў узяць цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць яму цела.
59. І Язэп, узяўшы цела, увярнуў яго ў чыстае палатно,
60. і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую быў высякшы ў скале, і вялікім каменем закрыў уваход у магілу, і пайшоў.
61. А Марыя Магдалена і другая Марыя сядзелі насупраць магілы.
Варта пры магіле
62. А на другі дзень, які ёсьць пасьля дня Прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата
63. і казалі: "Пане, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы казаў: "Па трох днях уваскрэсну".
64. Дык загадай сьцерагчы магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго і ня выкралі Яго ды не сказалі людзям: "Паўстаў з мёртвых", бо тады апошні падман будзе горшы за першы".
65. Пілат сказаў ім: "Маеце варту, ідзіце і сьцеражыце, як умееце".
66. Яны, пайшоўшы, забясьпечылі магілу вартай, ды запячаталі камень.
|