Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

25

Прыповесьць пра дзесяць дзяўчат

1.   З Каралеўствам Нябесным будзе падобна, як з дзесяцьцю дзяўчатамі, каторыя са сьветачамі выйшлі сустрэць жаніха.

2.   Пяць з іх было неразумных, а пяць - разумных.

3.   Тыя пяць неразумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы.

4.   Разумныя ж узялі алівы ў свае пасудзіны разам са сьветачамі.

5.   А як жаніх марудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

6.   А паўночы ўзьняўся крык: "Вось жаніх ідзе, выходзьце яму на спатканьне".

7.   Тады падняліся ўсе дзяўчаты і заагледзелі свае сьветачы.

8.   Неразумныя сказалі мудрым: "Дайце нам вашай алівы, бо нашыя сьветачы тухнуць".

9.   Разумныя адказалі ім: "Каб часам не хапіла і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе".

10. Калі яны пайшлі купляць, прыбыў жаніх, дык тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вясельле. І дзьверы зачынілі.

11. Пасьля прыйшлі і астаўшыяся дзяўчаты, просячыся: "Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!"

12. Але Ён у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам, што Я ня ведаю вас".

13. Дык чувайце, бо ня ведаеце дня ані хвіліны.

Прыповесьць пра таленты

14. Таксама як адзін чалавек, выязджаючы далёка, склікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасьць.

15. І аднаму даручыў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін, кожнаму паводле ягонай здольнасьці, і адразу выехаў.

16. Той, катораму даручана было пяць талентаў, пайшоў і зарабіў імі другія пяць.

17. Падобна і той, катораму даручана было два, зрабіў другія два.

18. А той, катораму даручаны быў адзін, пайшоў закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.

19. Затым па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і пачаў рахавацца з імі.

20. Прыйшоўшы той, катораму даручана было пяць талентаў, прынёс пяць другіх талентаў і сказаў: "Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я здабыў другіх пяць талентаў".

21. Кажа яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

22. Прыйшоў таксама той, катораму даручаны былі два таленты, і сказаў: "Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, а я зарабіў другія два".

23. Сказаў яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

24. Прыйшоўшы і той, катораму даручаны быў адзін талент, сказаў: "Гаспадару, ведаю, што ты - чалавек жорсткі, жнеш, дзе не пасеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.

25. Дык баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю: вось бяры, што тваё".

26. У адказ гаспадар яго сказаў: "Слуга благі і гультай! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.

27. Дык належалася б табе мае грошы даць банкірам, а я па павароце атрымаў, бы што маё, з прыбыткам.

28. Таму вазьміце ад яго гэты талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

29. Бо кожнаму, хто мае, будзе дабаўлена, і ён будзе мець удосталь; а ў таго, хто ня мае, адбяруць і тое, што мае.

30. А слугу нягоднага ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

Апошні суд

31. А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на троне славы сваёй.

32. І зьбяруцца перад Ім ўсе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.

33. І Ён паставіць авец па правым баку, а казлоў - па левым.

34. Тады скажа Кароль тым, што па правым баку Яго: "Хадзіце, багаслаўлёныя Айца Майго; атрымаеце Каралеўства, прыгатаванае вам ад заснаваньня сьвету.

35. Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы, і вы далі Мне піць; быў госьцем, і вы прынялі Мяне;

36. быў голы, і вы прыадзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў вязьнем, і вы прыйшлі да Мяне.

37. Тады справядлівыя скажуць: "Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе? Калі ж мы Цябе бачылі засьмягшым і далі Табе піць?

38. Або калі мы бачылі госьцем і прынялі Цябе, або голым і прыадзелі Цябе?

39. Або калі Цябе бачылі хворым або вязьнем і адведалі Цябе?"

40. І Кароль адкажа ім: "Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, тое Мне зрабілі".

41. Ды скажа тым, што на лева ад Яго будуць: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д'яблу і анёлам ягоным.

42. Бо быў Я галодны, і вы ня далі Мне есьці, быў Я засьмягшы, і вы не далі Мне піць;

43. быў Я госьцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не прыадзелі Мяне; быў хворым і вязьнем, і вы не наведалі Мяне".

44. Тады скажуць яны Яму: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або засьмягшым, або госьцем, або голым, або хворым, або вязьнем і не прыслужылі Табе?"

45. Тады, адказваючы, скажа ім: "Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, дык і Мне не зрабілі".

46. І пойдуць тыя на вечную муку, а справядлівыя - у жыцьцё вечнае".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст