Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Евангеля подле сьвятога Яана


 

 

Евангеля подле сьвятога Яана

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21


9 I, праходзячы, абачыў чалавека, нявіснога ад нараджэньня.

2 I вучанікі папыталіся ў Яго, кажучы: „Раббі, хто ізграшыў, ён, ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся нявісны?" 3 Ісус адказаў: „Ані гэты ізграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб выяўлены былі ўчынкі Божыя на ім. 4 Я маю спраўляць справы Таго, хто паслаў Мяне, пакуль ё дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня будзе спраўляць. 5 Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятліня сьвету". 6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў балотца ізь сьліны, і памазаў балотцам, як масьцяй, вочы нявісному, 7 I сказаў яму: „Ідзі, умыйся ў копані Сылоам (што перакладаецца: Пасланы)". Дык ён пайшоў, і ўмыўся, і прышоў празерыўшы. 8 Затым суседзі а тыя, што звычайна бачылі яго ўперад, што ён быў убогі, сказалі: „Ці ня тый ён, што сядзеў а прасіў?" 9 Некатрыя казалі: „Гэта ён", а іншыя казалі: „Не, але падобны да яго"; тый жа сказаў: „Гэта я". 10 Тады яны сказалі яму: „Як твае вочы адчыніліся?" 11 Ён адказаў: „Чалавек, званы Ісус, зрабіў балотца, памазаў вочы мае і сказаў імне: Ддзі да Сылоаму і ўмыйся'. Затым я пайшоў, умыўся й празерыў". 12 Тады сказалі яму: „Ідзе Ён?" Ён кажа: „Ня ведаю".

13 Вядуць яго, былога нявіснога, да фарысэяў. 14 А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў балотца і ачысьціў вочы яму. 15 I фарысэі ізноў пыталіся ў яго, як ён празерыў. I ён сказаў ім: „Ён паклаў балотца на вочы мае, і я ўмыўся, і бачу". 16 Тады некатрыя з фарысэяў сказалі: „Гэны чалавек не ад Бога, бо сыботы не дзяржыць". Іншыя казалі: „Як можа грэшны чалавек чыніць такія знакі?" I быў падзел памеж іх. 17 Затым ізноў кажуць нявісному: „Што ты кажаш праз тога, што адчыніў вочы табе?" I ён сказаў: „Ён прарока". 18 I ня верылі Юдэі узглядам яго, што ён быў нявісны і празерыў, пакуль не пагукалі бацькоў таго, што празерыў. 19 I пыталіся ў іх, кажучы: „Гэта сын вашы, праз каторага вы кажаце, што ён быў нявісны? Дык як ён цяпер бача?" 20 I адказалі бацькі ягоныя, і сказалі: „Мы ведаем, што гэты сын нашы і што ён радзіўся нявісны; 21 Але як ён цяпер бача, ня ведаем, альбо хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем; пытайцеся ў яго, ён вырослы, сам празь сябе скажа". 22 Бацькі ягоныя казалі гэта, бо баяліся Юдэяў; бо Юдэі ўжо згадзіліся, што, калі б хто вызнаў Яго за Хрыста, тый меў бы быць вылучаны з бажніцы. 23 Затым бацькі ягоныя сказалі; „Ён вырослы, выпытавайце ў яго"

24 Дык удругава пагукалі чалавека, што быў нявісны, і сказалі яму: „Уздай хвалу Богу, мы ведаем, што гэны чалавек грэшны". 25 Ён жа адказаў: „Ці Ён грэшны, я ня ведаю; адно ведаю, што, будучы нявісны, цяпер бачу". 26 I сказалі яму ізноў: „Што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?" 27 Ён адказаў ім: „Я ўжо казаў вам, і вы не пачулі? чаму ізноў хочаце чуць? ці ня зычыце вы стаць вучанікамі Ягонымі?" 28 I вылаялі яго, і сказалі: „Ты вучанік Гэнага, а мы Масеявы вучанікі. 29 Мы ведаем, што Масеям казаў Бог, а праз Гэнага мы ня ведаем, скуль Ён". 30 Адказаў чалавек ім: „Гэта й дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адчыніў імне вочы. 31 Мы ведаем, што Бог грэшнікаў ня слухае; але калі хто баіцца Бога й волю Ягоную паўніць, таго слухае. 32 Ад веку ня чувана, каб хто адчыніў вочы нявісному ад нараджэньня. 33 Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы чыніць нічога". 34 Адказалі яны й сказалі яму: „У грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас?" I выкінулі яго вон.

35 Пачуў Ісус, што выкінулі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: „Верыш ты ў Сына Людзкога?" 36 Гэты адказаў і сказаў: „А хто Ён, Спадару, каб я ўверыў у Яго?" 37 Сказаў яму Ісус: „I бачыў ты Яго, і Каторы гукае з табою - гэта Ён". 38 I ён сказаў: „Веру, Спадару!" і пакланіўся Яму. 39 I сказаў Ісус: „На суд прышоў Я на сьвет гэты, каб нявідомыя бачылі, а відучыя занявісьнелі". 40 I пачулі гэта тыя з фарысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: „Няго ж і мы нявісныя?" 41 Сказаў ім Ісус: „Калі б вы былі нявісныя, ня мелі б грэху; цяпер жа вы кажаце: ,Мы бачым', - грэх вашы застаецца.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст