Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Евангеля подле сьвятога Яана


 

 

Евангеля подле сьвятога Яана

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21


20 Першага ж дня тыдня Марыя Магдалена прыходзе да гробу рана нараніцы, як яшчэ было цемна, і бача - камень адкочаны ад гробу. 2 Дык бяжыць і прыходзе да Сымона Пётры а да другога вучаніка, каторага любіў Ісус, і кажа ім: „Узялі Спадара з гробу, і ня ведаем, ідзе паклалі".

3 Тады вышаў Пётра а другі вучанік і прышлі да гробу. 4 I абодва беглі разам, але другі вучанік бег баржджэй за Пётру, і прышоў да гробу першы. 5 I, нахінуўшыся, абачыў палотны лежачыя; але ня ўвыйшоў.

6 Тады прыходзе Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвыйшоў у гроб, і бача палотны лежачыя. 7 А хустку, што была на галаве Ягонай, не з палотнамі лежачую, але складзеную асобна. 8 Тады ўвыйшоў і другі, што ўперад прышоў да гробу, і абачыў, і ўверыў. 9 Бо яны яшчэ ня зналі Пісьма, што Яму належыла ўскрэсьці зь мертвых.

10 Дык вучанікі пайшлі ізноў двору. 11 Але Марыя стаяла знадворку ля гробу, плачучы. I як плакала, нахінулася да гробу. 12 I бача двух ангілаў, у белі седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, ідзе ляжала цела Ісусава.

13 I яны кажуць ёй: „Жонка, чаго ты плачаш?" Кажа ім: „Бо ўзялі Спадара майго, і ня ведаю, ідзе паклалі Яго". 14 Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і бача, што стаіць Ісус, але ня ведала, што гэта быў Ісус. 15 Ісус кажа ёй: „Жонка, чаго ты плачаш? каго шукаеш?" Думаючы, што гэта гараднічы, кажа Яму: „Спадару, калі ты вынес Яго адгэтуль, скажы імне, ідзе паклаў Яго, і я вазьму Яго". 16 Кажа ёй Ісус: „Марыя!" Абярнуўшыся, яна кажа пагэбрэйску: „Рабуні!", што знача: „Вучыцелю! 17 Ісус кажа ёй: „Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзьнёсься да Айца Свайго; але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Свайго і да Айца вашага, і да Бога Свайго і да Бога вашага".

18 Прыходзе Марыя Магдалена, наказуючы вучанікам, што бачыла Спадара, і Ён гэта сказаў ёй.

19 Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, із страху перад Юдэямі, дзьверы былі замкнёныя, ідзе былі вучанікі, прышоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: „Супакой вам!" 20 I, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі а бок. I ўсьцешыліся вучанікі, абачыўшы Спадара. 21 Тады сказаў ім узноў: „Супакой вам! як Мяне паслаў Айцец, і Я пасылаю вас". 22 I сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, і кажа ім: „Прыйміце Духа Сьвятога. 23 Каму даруеце грахі, дараваныя ім; каму задзяржыце, задзяржаныя".

24 Хама ж, адзін із двананцацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, як прыходзіў Ісус. 25 Казалі яму іншыя вучанікі: „Мы бачылі Спадара". Ён жа сказаў ім: „Калі не абачу на руках Ягоных знаку ад гваздоў, і не ўкладу палца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу".

26 I за восьмі дзён ізноў былі вучанікі ў доме, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, як дзьверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: „Супакой вам!" 27 Адлі кажа Хаме: „Выцягні палец свой сюды, і глянь на рукі Мае, і выцягні руку сваю, і ўкладзі ў бок Мой; і ня будзь нявернікам, але вернікам". 28 Адказаў Хама і сказаў Яму: „Спадар мой і Бог мой!" 29 Кажа яму Ісус: „Ты ўверыў, бо абачыў Мяне; дабраславёныя, што ня бачылі і ўверылі".

30 Шмат іншых знакоў учыніў таксама Ісус перад вучанікамі Сваімі, каторыя не запісаныя ў кнізе гэтай. 31 Але гэтыя запісаныя, каб вы верылі, што Ісус ё Хрыстос, сын Божы, і каб, верачы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст