Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Евангеля подле сьвятога Яана


 

 

Евангеля подле сьвятога Яана

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21


12 Тады Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прышоў да Віфані, ідзе быў памершы Лазар, каторага Ісус ускрысіў зь мертвых. 2 I прыгатавалі Яму там вячэру, і Мархва слугавала. Лазар жа быў адным із узьлежачых ізь Ім. 3 Марыя ж, узяўшы хунт дарагое масьці з чыстага нарду, памазала ногі Ісусу й выцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі; і дом напоўніўся пахам масьці. 4 Тады кажа адзін із вучанікаў Ягоных, Юда Сыманёнак Іскарыёт, каторы маніўся Яго выдаць: 5 „Чаму не прадалі гэтае масьці за трыста дынароў і не далі бедным?" 6 Сказаў жа ён гэта не затым, каб рупіўся празь бедных, але затым, што быў злодзей, і, маючы хатуль, насіў, што туды клалі. 7 Тады сказаў Ісус: „Пакінь яе; надабе было, каб захавала яна гэта на дзень пахову Майго; 8 Бо бедных заўсёды маеце із сабою, але Мяне не заўсёды маеце". 9 I даведаўся вялікі груд ізь Юдэяў, што Ён быў там; і прышлі ня дзеля Ісуса толькі, але каб і Лазара абачыць, каторага Ён ускрысіў зь мертвых. 10 Найвышшыя ж сьвятары зрадзіліся, каб забіць Лазара таксама, 11 Бо шмат хто зь Юдэяў прыходзілі дзеля яго і ўверылі ў Ісуса.

12 Назаўтрае вялізарны груд, што быў прышоўшы на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзець да Ерузаліму, 13 Узялі пальмавыя галузкі, і вышлі наўпярэймы Яму, і гукалі: „Госанна! Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова, Кароль Ізраеляў!" 14 Ісус жа, знайшоўшы асьлянё, сеў на яго, як напісана: 15 „Ня бойся, дачка Сыёну, гля, Кароль твой ідзець, седзячы на асьляняці". 16 Гэтага ня ўцямілі вучанікі Ягоныя сьпярша, але як Ісус быў услаўлены, тады яны ўспомнелі, што гэта было празь Яго напісана, і зрабілі Яму гэта. 17 Сьветчыў жа груд, каторы быў ізь Ім, бо Ён гукнуў Лазара з гробу і ўскрысіў яго зь мертвых. 18 Затым таксама груд вышаў наўпярэймы Яму, бо чулі, што Ён зрабіў гэты знак. 19 Фарысэі ж казалі адны адным: „Вы бачыце, што ані вы ня маеце дасьпеху, сьвет пайшоў за Ім".

20 Былі ж некатрыя Грэкі памеж тых, што ўзыходзілі, каб пакланіцца ў сьвята. 21 Яны прыступілі да Піліпа, што быў ізь Віфсаіды Ґалілейскае, і прасілі яго, кажучы: „Спадару, нам хочацца бачыць Ісуса". 22 Прыходзе Піліп і Андрэю; прыходзяць Андрэй а Піліп і кажуць Ісусу. 23 Ісус жа адказаў ім, кажучы: „Прышла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Людзкі. 24 Запраўды, запраўды кажу вам: калі зярнё пшоннае, упаўшы на зямлю, не памрэць, яно застаецца адно; калі ж памрэць, родзе шмат плоду. 25 Хто любе жыцьцё свае, загубе яго; а хто ненавідзе жыцьцё свае на сьвеце гэтым, захавае яго да жыцьця вечнага. 26 Калі хто служа Імне, хай ідзець за Імною; і йдзе Я, там таксама будзе слуга Мой. Калі хто служа Імне, усьціць яго Айцец. 27 Цяпер душа Мая зьнемарашчана; і што скажу Я? Войча! выбаў Мяне ад гадзіны гэтае? але дзеля гэтага Я прышоў на гадзіну гэтую. 28 Войча! услаў імя Сваё. Тады прышоў голас ізь неба: „Уславіў і яшчэ ўслаўлю". 29 Груд жа, што стаяў і пачуў, гукаў: „Загрымела". Іншыя гукалі: „Ангіл гукаў да Яго". 30 Адказаў Ісус і сказаў: ,,Ня дзеля Мяне голас гэты, але дзеля вас. 31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь сьвету гэтага выкінены будзе вон. 32 I Я, як буду ўзьняты ізь зямлі, усіх прыцягну да Сябе". 33 Гэта ж ён сказаў, даючы зразумець, якой сьмерцяй меў ён памерці. 34 Груд адказаў Яму: ,,Мы чулі з Права, што Хрыстос перабывае на векі; як жа Ты кажаш, што Сын Людзкі мае быць узьняты? хто гэта Сын Людзкі?" 35 Тады сказаў ім Ісус: „Яшчэ малы час ё сьвятліня з вамі; хадзіце, пакуль сьвятліню маеце, каб цямнота не абняла вас; бо хто ходзе ў цямноце, ня ведае, куды йдзець. 36 Пакуль маеце сьвятліню, верце ў сьвятліню, каб вам стаць сынамі сьвятліні".

Сказаўшы гэта, Ісус адышоў і стаіўся ад іх. 37 Яны ня верылі ў Яго, дарма што ён учыніў шмат знакоў перад імі. 38 Каб споўнілася слова Ісаі прарокі, каторы сказаў: „Спадару, хто паверыў чутаму ад нас, і плячо Спадарова каму аб'явілася?" 39 Яны затым не маглі верыць, што яшчэ Ісая сказаў: 40 „Ён засьляпіў вочы іхныя і закаляніў сэрца іхнае, каб не абачылі ачыма сваімі, і не зразумелі сэрцам сваім, і не навярнуліся, каб Я ўздаравіў іх". 41 Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Ягоную і гукаў празь Яго. 42 Шмат хто, адылі, навет із старцоў, таксама ўверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнавалі, каб ня былі вылучаны з бажніцы; 43 Бо валей мілавалі славу людзкую, чымся славу Бовую.

44 Ісус жа загукаў і сказаў: „Хто вера ў Мяне, вера не ў Мяне, але ў Тога, хто паслаў Мяне; 45 I хто бача Мяне, бача Таго, хто паслаў Мяне. 46 Я прышоў на сьвет як сьвятліня, каб кажны, хто вера Ў Мяне, не заставаўся ў цямноце. 47 I калі хто пачуе словы Мае, і не захавае, Я ня суджу яго, бо Я прышоў ня судзіць сьвет, але спасьці сьвет. 48 Хто адхінае Мяне і ня прыймае слоў Маіх, мае таго, хто судзе яго: слова, што Я кажу, будзе судзіць яго апошняга дня; 49 Бо Я не ад Сябе казаў, але Айцец, што паслаў Мяне, Сам даў Імне расказаньне, што маю казаць а што гукаць. 50 I Я ведаю, што расказаньне Ягонае ё жыцьцё вечнае. Дык, што Я кажу, як сказаў Айцец Імне, так Я кажу".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст