01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
10 „Запраўды, запраўды кажу вам: хто ня ўходзе перазь дзьверы да авечніка, але ўлазе іншай дарогаю, тый злодзей а глабаньнік; 2 А хто ўходзе перазь дзьверы, тый пастыр авец. 3 Яму брамнік адчыняе, І авечкі голас ягоны чуюць, і ён гукае авечкі свае наймя, і выводзе іх. 4 Як ён усі свае выпусьце, сьпераду іх ідзець, і авечкі за ім ідуць, бо знаюць голас ягоны. 5 А за чужыкам ніяк ня йдуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу ягонага". 6 Гэта сказаў Ісус атумекамі ім, але яны ня ведалі, што гэта было, што ім мовіў.
7 Дык Ісус ізноў сказаў ім: „Запраўды, запраўды кажу вам: Я -дзьверы авечыя. 8 Усі, колькі іх перад Імною прышло, злодзеі а глабаньнікі; але авечкі ня слухалі іх. 9 Я дзьверы: калі хто ўвыйдзе перазь Мяне, спасёны будзе, і ўвыйдзе, і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе. 10 Злодзей прыходзе адно на тое, каб украсьці а забіць а загубіць. Я прышоў, каб жыцьцё мелі і ў збытку мелі. 11 Я - Пастыр добры. Пастыр добры жыцьцё свае аддаець за авечкі. 12 А найміт, не пастыр, каму авечкі не свае, бача прыходзячага ваўка, і пакідае авечкі, і ўцякае; і воўк хапае іх, і разганяе авечкі; 13 А найміт уцякае, бо ён найміт, і ня рупіцца праз авечкі. 14 Я - Пастыр добры і знаю сваіх, і знаюць Мяне Мае. 15 Як Айцец знае Мяне, і Я знаю Айца, і жыцьцё Свае аддаю за авечкі. 16 Ё ў Мяне й іншыя авечкі, што ня з гэтага авечніка, тых таксама належа Імне прывесьці: і голас Мой яны пачуюць, і будзе адна чарада і адзін пастыр. 17 Затым Мяне мілуе Айцец, што Я аддаю жыцьцё Свае, каб узяць яго ізноў. 18 Ніхто не бярэць яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго. Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ўзяць яго ізноў. Я адзяржаў гэта расказаньне ад Айца Свайго".
19 Ізноў быў падзел у Юдэяў з прычыны гэтых слоў. 20 Шмат хто зь іх казаў: „Ён мае нячысьціка й шалее; чаму вы слухаеце Яго?" 21 Іншыя казалі: „Гэтыя словы ня ёсьць апанаванага нячысьцікам; ці можа нячысьцік адчыняць нявісным вочы?"
22 Было сьвята пасьвячэньня ў Ерузаліме, і была зіма. 23 I хадзіў Ісус у сьвятыні на ґанку Салямонавым. 24 Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: „Пакуль будзеш дзяржаць душу нашу ў няпэўнасьці ? Калі Ты Хрыстос, скажы нам яўна". 25 Ісус адказаў ім: „Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Свайго, яны сьветчаць празь Мяне; 26 Але вы ня верыце, бо вы не з авец Маіх. 27 Авечкі Мае голас Мой чуюць, і Я знаю іх, і яны йдуць за Імною. 28 I Я даю ім жыцьцё вечнае, і ніколі яны не загінуць, і ніхто ня ўхопе іх із рукі Мае. 29 Айцец Мой, што даў іх Імне, вялікшы за ўсіх, і ніхто ня можа ўхапіць іх із рукі Айца Майго. 30 Я й Айцец - адно".
31 Тады ізноў схапілі каменьне Юдэі, каб укаменаваць Яго. 32 Адказаў ім Ісус: „Шмат добрых справаў паказаў Я вам ад Айца Свайго; за каторыя з гэтых справаў камянуеце Мяне?" 33 Адказалі Яму Юдэі, кажучы: „За добрую справу не камянуем Цябе, але за блявузґаньне а за тое, што, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам". 34 Адказаў ім Ісус: „Ці не напісана ў Праве вашым: ,Я сказаў: вы багове'? 35 Калі назваў тых багамі, да каторых слова Божае прышло, - а Пісьмо ня можа быць узрушана, - 36 Вы таму, Каторага Айцец усьвяціў і паслаў на сьвет, кажаце: ,Ты блявузґаеш', што сказаў Я: ,Я Сын Божы'? 37 Калі Я ня чыню справаў Айца Свайго, ня верце Імне. 38 Але калі Я чыню, то нават, калі ня верыце Імне, паверце справам, каб ведалі й паверылі, што Айцец ёсьць у Імне, а Я ў Ім". 39 Тады ізноў шукалі няць Яго, але Ён адхінуўся ад рукі іхнае.
40 I пайшоў ізноў за Ёрдан на месца, ідзе Яан спачатку хрысьціў, і застаўся там. 41 I шмат прышло да Яго, і гукалі, што Яан ня ўчыніў ніякага знаку, але ўсе, што Яан сказаў празь Яго, было праўдзівае. 42 I шмат хто ўверыў у Яго там.
|